27 ліпеня – прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі
Дзясяткі тысяч дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на плошчы перад Домам ураду ў Менску. Такім быў 1990 год, у якім 27 ліпеня была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.
Пра значэнне гэтага дакумента гаварыў на чарговым пасяджэнні клуба імя Вітаўта Вялікага былы дэпутат Вярхоўнага савета ХІІ склікання Лявон Баршчэўскі:
– Яна дала аснову, магчымасць працаваць. У нас пасля год фактычна аказаўся, год калі мы маглі ўжо мець напрацоўкі па самых важных пунктах: па незалежнай банкаўскай сістэме, эканаміцы, закон аб грамадзянстве распрацавалі, аб адукацыі самастойныя законы. Мы атрымалі гэты год і 25 жніўня мы былі намнога больш гатовыя да таго, каб дэ-юрэ афармляць незалежнасць 25 жніўня 1991 года, чым 27 ліпеня 1990 года, бо ў нас ужо была напрацавана база.
Праз год 27 ліпеня было абвешчана выходным днём, дзяржаўным святам – Днём незалежнасці. У выніку незаконна праведзенага рэферэндуму цяперашні кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перанёс яго на 3 ліпеня – дзень вызвалення Менску ад нацыстаў.
Маладафронтаўцы заклікалі адзначыць гэты дзень бел-чырвона-белымі сцягамі на Плошчы Незалежнасці. У акцыі ўзяло ўдзел каля 20 чалавек, якія ўсталі ў ланцуг уздоўж праспекта.
[iframe id=”https://www.youtube.com/embed/Wr9nDZnzL-M”]
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Антона Матолькі, Радыё Свабода