28 чэрвеня Таццяна Караткевіч наведае Гародню і Гарадзеншчыну
У нядзелю, 28 чэрвеня, магчымы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч наведае Гародню, дзе плануе сустрэцца з жыхарамі горада, грамадскімі актывістамі і прадстаўнікамі палітычных партый. Сустрэча адбудзецца а 17-й гадзіне ў памяшканні па вуліцы Будзёнага, 48а, зала №100 ва ўнутраным дворыку. Таццяна Караткевіч распавядзе, чаму вырашыла стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і адкажа на пытанні прысутных. Як зазначае сябра кампаніі “Гавары праўду” Зміцер Бандарчук, у выпадку калі Таццяна Караткевіч будзе зарэгістравана кандыдатам у прэзідэнты краіны, яна стане першай у гісторыі сучаснай Беларусі жанчынай – суперніцай Аляксандра Лукашэнкі:
– За каго будзем галасаваць – гэтае пытанне застанецца напэўна да апошніх дзён выбарчай кампаніі, але на сённяшні дзень ужо можна сказаць, што Таццяна Караткевіч – адзіны кандыдат у Беларусі, якая ідзе ад кааліцыі, яе падтрымала ўжо некалькі арганізацый – і кампанія “Гавары праўду”, і рух “За свабоду”, і партыя БНФ, і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Гэтым яна адрозніваецца ад усіх астатніх кандыдатаў, акрамя таго, канешне, што яна жанчына. У яе свой жаночы погляд на тое, як беларусы жывуць і што трэба мяняць.
Падчас паездкі па Гарадзеншчыне Таццяна Караткевіч мае намер наведаць і гарадскі пасёлак Бярозаўка, дзе сустрэнецца з працоўнымі шклозавода “Нёман” і мясцовым палітычным актывам. Візіт запланаваны на панядзелак, 29 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня