28 гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” сталі дзяржаўнымі сімваламі
19 верасня 1991 года, гістарычная сімволіка была прызнана дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў пасля краху СССР Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання — парламент, які быў абраны на часткова свабодных выбарах.
Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да Рэферэндуму 1995 года, калі замест яе вярнулі савецкія сімвалы.
Раней бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, што абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і выкарыстоўвала азначэнне «беларускі».
Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.
У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».
«Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.
Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст, калі Беларусь трапіла пад уладу Расеі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.
Бел-чырвона-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара. Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.
Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.
У снежнi 1917 у Менску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
За саветамі ж сцяг быў забаронены.
У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН. Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.
Герб БССР быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.