28 гадоў таму Беларусь стала незалежнай
28 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпеня 1990 года была нададзена сіла канстытуцыйнага закона. Таксама ў гэты дзень была прыпынена дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі.
Менавіта з гэтай даты можна гаварыць пра тое, што Беларусь практычна аформілася як незалежная дзяржава. Праўда, СССР тады яшчэ не быў афіцыйна ліквідаваны, і ў наступныя некалькі месяцаў працягвалі весціся перамовы адносна стварэння замест яго канфедэрацыі былых саюзных рэспублік – Саюза суверэнных дзяржаў. Не ўсе былыя саюзныя рэспублікі ў гэтым працэсе ўдзельнічалі. Але Беларусь была сярод тых краін, кіраўніцтва якіх зусім не выключала магчымасці ўдзелу і ў новай саюзнай дзяржаве. Таму аж да снежня 1991 года суверэнітэт Беларусі заставаўся ў падвешаным стане: нібыта ён быў, але ад яго ў любы момант маглі адмовіцца. Тым больш што большасць дэпутатаў парламента цяжка было назваць перакананымі незалежнікамі. І толькі пагадненне паміж кіраўнікамі Рэспублікі Беларусь, Расейскай Федэрацыі і Украіны, заключанае 8 снежня 1991 года ў Віскулях, канстатаваўшы спыненне існавання СССР як „суб’екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці”, паставіла ў гэтай справе канчатковую кропку.