29-га ліпеня пройдзе анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі
«Нам не ўсё адно!» – у суботу 29 ліпеня незалежныя медыя Беларусі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці, каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем’яў. Да эфіру далучацца «блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзяячкі і дзеячы культуры і спорту, грамадскія актывісткі і актывісты», паведамляе ініцыятыўная група марафону.
Трансляцыя пройдзе адначасна на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара па менскім часе.
З ініцыятывай правесці такі марафон выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай. У арганізацыі і правядзенні марафону ўдзельнічае больш за 20 незалежных медыя, сярод якіх Беларускае Радыё Рацыя, Белсат TV, «Еўрарадыё», «Зеркало» і многія іншыя.
Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.
Беларускае Радыё Рацыя