3 ліпеня: свята голага караля
Раніцай на наступны дзень пасля Дня Рэспублікі, ён жа Дзень гораду, ён жа Дзень Незалежнасці ў лукашэнкаўскай версіі, у 1996 годзе я ішоў па цэнтры Менску.
На скрыжаванні Камсамольскай і Інтэрнацыянальнай вуліц стаяла патрульная міліцэйская машына. У ёй спалі два супрацоўнікі. А вось гук ад рэпрадуктара, вядомага ў народзе як мацюгальнік, яны забыліся адключыць. Храп было чуваць на два кварталы ва ўсе бакі.
Названы храп гучыць і цяпер у маіх вушах, калі я думаю пра 3-га ліпеня.
Лукашэнку вельмі хацелася, каб незалежнасць Беларусі была звязаная з ім, а не з БНФ ці Станіславам Шушкевічам – першым кіраўніком Рэспублікі Беларусь.
Лукашэнка дзень вызвалення Менску ад нацыстаў у 1944 годзе вырашыў прысабечыць. Узяў і назваў гэтую падзею Днём Незалежнасці. Ад каго Беларусь сталася Незалежнай у 1944 годзе? Ды ўсё роўна!
Лукашэнка быў майстрам нацягваць саву на глобус – то бок, сумяшчаць несумяшчальнае.
Ён толькі нядаўна атрымаў рэальную электаральную большасць, і мог дурэць як заўгодна.
Вайсковы парад перанеслі з 9-га траўня на 3-е ліпеня. Здавалася б: і тое і тое пра вайну і перамогу.
Але тут было важна, што сам Лукашэнка перанёс.
Парады былі пафасныя – не раўнуй СССР часоў Брэжнева. Толькі каму магла пагражаць Рэспубліка Беларусь на ўзроўні Савецкай імперыі?
Лукашэнка ўвесь час паўтараў «мы з Расеяй», «мы стаім на рубяжах Расеі», але ідэалогію і мілітарысцкую рыторыку і практыку не сінхранізаваў з крамлёўскай версіяй.
І цяпер паспрабуе ўтрымацца на двух крэслах нават калі палітычна перажыве Пуціна.
Ад 1996 году дыктатар цешыў сябе ілюзіяй, што падтрымка народу толькі мацнее, і што парад – ён жа для людзей, бо пасля шашлыкі з таннай гарэлкай, а вечарам салют.
Першы раз парад быў адменены па аб’ектыўай прычыне. У 1999 годзе 30 траўня здарылася трагедыя на Нямізе з дзясяткамі ахвяраў пераважна маладых людзей.
А наступны раз парад адмянілі ў 2021. Як той казаў, здагадайцеся з аднаго разу чаму. Беларуская рэвалюцыя 2020 змяшала ўсе гадальныя і вайсковыя карты крывавалапага дыктатара.
А кароль то голы! Колішняя народная падтрымка знікла даўным даўно. Змянілася генерацыя. Няма перад кім кічыцца сваёй уяўнай веліччу.
Дый пратэстны настрой у людзей нікуды не знік. Тым больш, адна справа адданасць бульбяному фюрэру міліцыянтаў, іншая рэч – не відавочная лаяльнасць вайсковых. Вельмі не відавочная.
А як бы сёлета быў бы парад: чым бразгаць? Старой тэхнікай і вайсковымі, якія збольшага супраць вайны за чужыя інтарэсы?
Ілюзорны свет магутнасці і працвітання за грошы Крамля знікае, нібы вада змывае карцінку, намаляваную на пяску.
Наперадзе ў Беларусі сапраўдны Дзень Незалежнасці.
Беларускае Радыё Рацыя