30 гадоў з дня смерці Андрэя Сахарава
Споўнілася 30 гадоў з дня смерці Андрэя Сахарава – выбітнага навукоўца, грамадскага дзеяча і праваабаронца XX стагоддзя, лаўрэата Нобелеўскай прэміі.
18 снежня 1989 года ў Маскве адбылося развітанне з ім, якое вылілася ў грандыёзную маніфестацыю каля стадыёна “Лужнікі”, куды прыйшлі сотні тысячаў людзей. Былі там і беларусы, луналі і бел-чырвона-белыя сцягі.
Адзін з прысутных там, былы дэпутат З’езду народных дэпутатаў СССР, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карніенка працаваў разам з Сахаравым у Межрэгіянальнай дэпутацкай групе:
– З такім маральным аўтарытэтам ні кожнаму сучаснаму палітыку, грамадскаму дзеячу ды і чалавеку давялося спатыкацца. Я вельмі шчаслівы і ганаруся тым, што меў такую магчымасць у свой час. Сказаць, што Сахараў вялікі чалавек і для Расеі, і для ўсяго народа, які тады называўся Савецкі Саюз, – гэта нічога не сказаць. Сёння не хапае такіх маральных аўтарытэтаў, якія б маглі сказаць не толькі, што “кароль голы”, але і сказаць гэта з рызыкай для сябе.
Ігар Рынкевіч, праваабаронца, каардынатар Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай:
– Мне пашанцавала тады знаходзіцца і вучыцца ў Маскве, у Маскоўскім універсітэце. Належаў я да Маскоўскага студэнцкага клуба – гэта такая структура, якая аб’ядноўвала дэмакратычных студэнтаў. Мы дапамагалі дэпутатам, той жа самай міжрэгіянальнай дэпутацкай групе, і такімі моцнымі лідарамі думкі былі Андрэй Сахараў, Галіна Васільеўна Старавойтава, Марына Салье і іншыя. І канешне для нас смерць Андрэя Дзмітрыевіча стала вялікай стратай і горам. Шмат людзей тады сабралася з усіх куткоў СССР. Але ўжо адчувалася, што ідзе пэўны нацыянальны вызвольны рух. І канешне, былі прадстаўнікі беларускай апазіцыйнай грамадскасці. У той час мы не ведалі, што будзе з СССР, але ўжо было адчуванне, што ідуць перамены. І таму і пахаванне яго вылілася ў пэўную маніфестацыю прыхільнікаў свабоды і дэмакратыі.
Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”:
– Сахараў, безумоўна, з’яўляецца для нас маральным аўтарытэтам. Ягоны ўнёсак у абарону правоў чалавека ў былым СССР вельмі значны. Ён быў змагаром. Ездзіў па судах, калі судзілі дысідэнтаў. Прабіраўся на гэтыя суды, часам з боем. Нобелеўскую прэмію ў 1975 годзе яму далі, калі ён быў у Вільні на судзе Сяргея Кавалёва. Там ён даведаўся пра прэмію. Увогуле, ягоны жыццёвы шлях вельмі цікавы. Чалавек, які зрабіў унёсак у распрацоўку ядзернай зброі ў СССР, які адносіўся да эліты фізікаў-распрацоўшчыкаў гэтай зброі, і які пасля зрабіў пераход у бескампрамісныя змагары за правы чалавека. Ён сур’ёзны маральны аўтарытэт для кожнага.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск