300 тысячная Гародня займела новага гарадскога кіраўніка



Аляксандр Лукашэнка прызначыў кіраваць абласным цэнтрам старшыню Смаргонскага райвыканкаму Мечыслава Гоя. Пасля дзесяці гадоў працы ў Смаргоні мясцовыя актывісты не здзіўляюцца, што кіраўнік раёну заслужыў сабе падвышэнне кажа сябра партыі БНФ са Смаргоні Юры Кутузаў.

– Падчас прэзідэнцкіх выбараў ён займаўся пагрозамі, шантажом нават не саміх сябраў ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных кандыдатаў, а іх родных. І ён сам асабіста едзіў на працу да жонкі маёй, казаў, што не будзе заключаны кантракт на працы, што яна будзе звольненая, будуць праблемы ў дачкі пры паступленні і па вучобе.

 Некаторыя незалежныя СМІ у паведамленні аб прызначэнні Мечыслава Гоя згадвалі, пра тое, што ў прадмове да краязнаўчай смаргонскай кнігі будучы кіраўнік Гародні цёпла адзываўся пра беларускіх дзеячаў.

Мы ўсё ж не чакаем, што новы мэр Гародні раптам павярнецца да беларушчыны і будзе розьніцца ад сваіх папярэднікаў адзначыў гарадзенскі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Віктар Сазонаў.

 – Кожны з іх паасобку – цудоўныя людзі. Калі ўзяць іх паасобку, сесці з імі пагаварыць ці паехаць на рыбалку, – гэта будуць цудоўныя людзі, якія нешта робяць, нешта плануюць, але ўваходзячы ў гэтую сістэму, разам з сістэмай – робяць тое, што робяць. А паасобку – цудоўныя людзі. 

Цягам трох месяцаў месца кіраўніка Гародні было вакантным. У Беларусі кіраўнікоў выканаўчай улады прызначае кіраўнік краіны.

 Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя