37 краін АБСЕ заклікалі ўлады Беларусі ўключыцца ў дыялог па ўрэгуляванні
Уладам Беларусі трэба падтрымаць спробы дзейнага і будучага старшынь АБСЕ спрыяць нацыянальнаму дыялогу з улікам таго, што парушэнні правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў працягваюцца. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве ад імя 37 дзяржаў — удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
„Мы настойліва заклікаем Беларусь пачаць дыялог у межах АБСЕ і цалкам падтрымліваць цяперашняга і будучага старшынь АБСЕ і іх намаганні ў спрыянні нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі. Мы гатовыя падтрымаць і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу з мэтай устойлівага ўрэгулявання цяперашняга крызісу, абароны суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, а таксама яе бяспечнай, дэмакратычнай і росквітнай будучыні”, — гаворыцца ў заяве, якую 4 снежня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ зачытала пастаянны прадстаўнік Фінляндыі пры гэтай міжнароднай арганізацыі Пяйві Лайвола дэ Разьера.
„За апошнія некалькі месяцаў мы сталі сведкамі сур`ёзных парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і пагэтуль. Справаздача дакладчыка Маскоўскага механізма [АБСЕ], прафесара Вольфганга Бенедэка, падала нам вялікую колькасць доказаў аб мірных дэманстрантах, якія зазналі жорсткія напады і катаванні з боку ўладаў проста за тое, што яны настойвалі на правядзенні свабодных і справядлівых выбараў, на лепшай дэмакратычнай будучыню для сваёй краіны”, — адзначаецца ў дакуменце.
У заяўцы ад імя 37 дзяржаў АБСЕ таксама гаворыцца, што „паводле годных веры паведамленняў, пасля прэзідэнцкіх выбараў колькасць арыштаў мірных дэманстрантаў, журналістаў і праваабаронцаў ацэньваецца ў 30.000”. „Колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Спіс палітвязняў працягвае расці і налічвае больш за 100 прозвішчаў. Нішто не паказвае на тое, што ўлады расследуюць тысячы задакументаваных паведамленняў аб жорсткасці і катаваннях з боку паліцыі, зафіксаваных з сярэдзіны жніўня, або аб забойствах пратэстоўцаў. Мы асуджаем ужыванне сілы супраць беларусаў, якія выкарыстоўваюць свае правы чалавека і асноўныя свабоды”, — сказана ў сумеснай заяве.
Як гаворыцца ў справаздачы дакладчыка АБСЕ, падобна, што ні адна прафесійная ці сацыяльная група ў Беларусі не пазбегла намаганняў беларускіх улад па задушэнні мірнага іншадумства. Ціск на медыцынскую, акадэмічную супольнасць і СМІ быў асабліва моцным. Крытыкі ўрада і дзеячы апазіцыі сутыкнуліся з прымусовай высылкай, падкрэсліваюць дзяржавы — падпісанты заявы.
Яны ўпэўненыя, што ў Беларусі відавочна парушаюцца прынцыпы і абавязацельствы АБСЕ ў дачыненні да павагі правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама дэмакратычных прынцыпаў кіравання.
Заяву падпісалі наступныя 37 дзяржаў — удзельніц АБСЕ: Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Венгрыя, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Злучаныя Штаты Амерыкі, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Паўночная Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія.
Расеі ў спісе падпісантаў заявы няма.