38 краін АБСЕ перазапусцілі Маскоўскі механізм у дачыненні да Беларусі



38 краін-удзельніц АБСЕ 23 сакавіка запусцілі Маскоўскі механізм для вывучэння „пагроз выкананню палажэнняў чалавечага вымярэння, якія ствараюцца парушэннямі і злоўжываннямі правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь”.

Папярэдні раз гэты механізм адносна Беларусі быў задзейнічаны ў 2020 годзе. Спасылаючыся на даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, краіны АБСЕ заяўляюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца.

У дакуменце таксама згадваецца, што Беларусь атрымала шэраг рэкамендацый па выніках дакладу ў рамках Маскоўскага механізму, запушчанага ў 2020 годзе. Аднак з таго часу афіцыйны Менск не разгледзеў выстаўленыя абвінавачванні і проста праігнараваў рэкамендацыі. Сітуацыя ў Беларусі нават стала пагаршацца, у тым ліку ў сувязі з дапамогай, якую аказваюць улады ў вайне Расіі супраць Украіны.

У заяве пералічваюцца такія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, як:

— больш за 1500 палітвязняў;

— незаконныя затрыманні і арышты праваабаронцаў, прадстаўнікоў апазіцыі, журналістаў, юрыстаў, актывістаў;

— прызнанне арганізацый экстрэмісцкімі і ліквідацыя амаль усіх незалежных НДА;

— ліквідацыя незалежных прафсаюзаў;

— пашырэнне прымянення смяротнага пакарання.

„Маскоўскі механізм” АБСЕ прадугледжвае стварэнне місій экспертаў або дакладчыкаў для працы са становішчам з чалавечым вымярэннем ў пэўнай краіне.

Беларускае Радыё Рацыя