Аляксей Янукевіч: Калі не дасягнем згоды, будзем вылучаць свайго кандыдата



На чарговым сойме Партыі БНФ галоўнай тэмай стала абмеркаванне фармату ўдзелу партыі ў наступных прэзідэнцкіх выбарах і падрыхтоўкі Кангрэсу дэмакратычных сілаў па абранню адзінага кандыдата ад апазіцыі. Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, хаця сябры партыі падтрымліваюць раней прынятае рашэнне аб удзеле ў працэдуры вылучэння адзінага кандыдата, імкнуцца, каб яна была зацверджана і вылучэнне адзінага адбылося, аднак меркаванні аб шляхах дасягнення гэтага ўдзельнікі сойму выказваюць розныя.

– Розныя меркаванні, галоўным чынам, скіраваныя на тое, як мы павінны дзейнічаць у тым выпадку, калі не атрымаецца дасягнуць гэтай згоды. Партыя БНФ, і я асабіста такую лінію падтрымліваю, будзе імкнуцца да кансалідацыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў, да дасягнення згоды ў межах нацыянальна-дэмакратычных колаў, дзеля таго, каб мець супольнага кандыдата. У адваротным выпадку мы безумоўна таксама разглядаем магчымасць вылучэння кандыдата ад Партыі БНФ.

Аднак пераважная большасць сябраў партыі пагаджаецца з тым, што ва ўмовах, калі вырашаецца лёс Беларусі, калі пад пагрозай незалежнасць краіны, то ў першую чаргу павінны абараняцца не ўнутрыпартыйныя, а нацыянальныя інтарэсы. А гэта можна зрабіць толькі аб’яднаннем максімальна шырокіх сіл, якія падтрымліваюць незалежнасць краіны, – упэўнены Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя