4-га сакавіка апазіцыя абвесціць удзельнікаў праймерыз



Апоўдні 4 сакавіка стане вядома, хто з прадстаўнікоў дэмакратычнай кааліцыі прайшоў праверку штаба па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары і дапушчаны да праймерыз.

Абвешчаны канчатковы склад прэтэндэнтаў будзе ў менскім офісе Руху „За Свабоду”. Намер удзельнічаць у праймерыз выказалі 6 прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі. Па словах аднаго з кандыдатаў, старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, ужо 6 сакавіка удала прайшоўшыя праверку выбарчага штабу паедуць у першы горад, дзе адбудзецца сустрэча з выбаршчыкамі і пройдзе галасаванне:

– Гэта горад Гарадок у Віцебскай вобласці. Гэта будзе ў пятніцу вечарам. Мы разлічваем, што людзі збяруцца. Хаця сам Гарадок – гэта невялікае мястэчка ў Беларусі. І, канешне, мы абсалютна спакойна паставімся, калі няшмат людзей будзе на першым сходзе. Але надалей ужо ідуць Віцебск, Наваполацк разам з Полацкам – гэта ў суботу 7-га сакавіка. І на 8-га – шэраг іншых раённых цэнтраў на Віцебшчыне.

Такім чынам, працэдура праймерыз распачынаецца. 4 дні на тыдзень – гэта паездкі па рэгіёнах. Паралельна пачнецца і галасаванне ў інтэрнэце, – нагадвае Юрась Губарэвіч.

Нагадаем, што акрамя гэтага палітыка, у праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары свае кадыдатуры заявілі таксама кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск