Лукашэнка сустрэнецца з парламентарыямі двух скліканняў



Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе кіраўніка краіны, на сустрэчу акрэдытаваны традыцыйны пул журналістаў, прамая тэле- і радыётрансляцыя мерапрыемства весціся не будзе. Інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і шэрагу іншых недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі адмоўлена.

З двума складамі Нацыянальнага сходу Лукашэнка сустракаўся і пасля папярэдніх парламенцкіх выбараў — 7 кастрычніка 2016 года. Тады тэле- і радыётрансляцыя сустрэчы таксама не вялася, рэпартаж з мерапрыемства быў паказаны ўвечары па цэнтральных беларускіх тэлеканалах.

Выбары членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адбыліся 7 лістапада, дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў — 17 лістапада. Са 110 дэпутатаў шостага склікання ў новы склад пераабрана 30 чалавек. Ніводзін прадстаўнік дэмакратычнай апазіцыі ў парламент не прайшоў.

На нарадзе з актывам Менскай вобласці 4 снежня Лукашэнка станоўча ацаніў новы склад парламента. Ён адзначыў, што грамадзяне „ў сваёй пераважнай большасці падтрымалі на выбарах прапанаваныя ўладай кандыдатуры”. „І мы абралі, я адчуваю, нядрэнны па складзе парламент. Не горшы, чым у былыя гады. Можа быць, лепшы”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, прадстаўнікам улады трэба „чуць людзей і адказваць на іх спадзяванні і просьбы”. „Яны маюць права разлічваць на ўладу. Улада ад народа, як мы гаворым. Таму я вас вельмі прашу: памятаеце, што сёння мы з вялікімі партфелямі, а заўтра мы будзем звычайнымі людзьмі. Каб не было пакутліва балюча за гэтыя гады перад народам. І каб у нас потым палкамі не кідалі за цяперашняе стаўленне да тых людзей, якія нас паставілі на гэтыя пасады. Усіх нас — ад прэзідэнта да тых, што сядзяць тут, дзяржаўных служачых”, — сказаў Лукашэнка.

Першыя пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі сёмага склікання адбудуцца 6 снежня.

belapan.by