6 траўня – сустрэча трохбаковай групы па Украіне (абноўлена)



Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Луганскай і Данецкай абласцях адбудуцца за зачыненымі дзвярыма.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пацвердзіла правядзенне сустрэчы кантактнай групы па Украіне ў сераду ў Менску, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» прэсавы сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Паводле ягоных слоў, сустрэча кантактнай групы адбудзецца ў «Прэзідэнт-гатэлі» ў Менску ў другой палове дня.

«У сустрэчы прымуць удзел прадстаўніца АБСЕ Гайдзі Тальявіні, прадстаўнік прэзідэнта Украіны Леанід Кучма і спецпрадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў, таксама сёння ўдзельнікі могуць сустрэцца ў Менску з прадстаўнікамі так званых ДНР і ЛНР.

* * *

Сустрэча кантактнай групы па мірным урэгуляванні на Данбасе мае адбыцца ў Менску ўжо заўтра.

Украіну ў Менску будзе прадстаўляць былы прэзідэнт Леанід Кучма, АБСЕ – Гайдзі Тальявіні, Расею – Азамат Кульмахаметаў. Мяркуецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел і прадстаўнікі непрызнаных ДНР і ЛНР.

Калі кантактная група здолее выпрацаваць парадак дня, наступныя перамовы могуць увайсці ў найноўшую гісторыю пад назвай “Менск-3”.

Папярэднія менскія пагадненні фактычна не выконваліся ані з боку ДНР, ані з боку ЛНР. Цяжкія ўзбраенні ўкраінскага войска выведзеныя за сто кіламетраў ад лініі фронту, што зафіксавана назіральнікамі АБСЕ. Але сепаратысты ці не штодня абстрэльваюць украінскіх вайскоўцаў з мінамётаў і гарматаў буйных калібраў. Дыверсійныя групы ДНР і ЛНР працягваюць тэракты на ўкраінскай тэрыторыі. Абмен палоннымі практычна спынены сепаратыстамі. Датаго ж, групоўкі баевікоў рэгулярна варагуюць між сабой і не заўсёды падпарадкоўваюцца кіраўніцтву непрызнаных рэспублік.

Ва ўкраінскім грамадстве вельмі скептычна ставяцца да будучых перамоваў. Напэўна, з тае прычыны ўкраінскія высокапасадоўцы ніяк не каментуюць перспектывы менскай сустрэчы.

* * *

6 траўня ў Менску чакаецца сустрэча трохбаковай групы па Данбасу. Такую інфармацыю паведаміла Дар’я Аліфер, прэс-сакратарка былога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы.

Паводле Аліфер, сёння пройдзе  чарговая працоўная сустрэча ўдзельнікаў групы — прадстаўніцы АБСЕ Гайдзі Тальявіні, прадстаўніка Украіны Леаніда Кучмы і спецпрадстаўніка Расеі Азамата Кульмухаметава, а 6 траўня ўдзельнікі могуць сустрэцца ў Менску з прадстаўнікамі так званых ДНР і ЛНР.

Як паведамляе ў Фэйсбуку Дар’я Аліфер, на сустрэчы 29 красавіка былі абмеркаваныя ключавыя пункты менскіх дамоўленасцяў — спыненне агню, адвод цяжкіх відаў узбраення, вызваленне закладнікаў. Абмяркоўвалася пастаўка ўкраінскай і міжнароднай гуманітарнай дапамогі ў Данецк і Луганск, а таксама дээскалацыя сітуацыі пад Марыупалем і прапановы ўкраінскага боку пра адвод танкаў, гармат, мінамётаў калібрам менш за 100 мм.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота zn.ua