Расея працягвае сцягваць войскі да мяжы Украіны



Расейская федэрацыя працягвае сцягваць войскі да дзяржаўнай мяжы Украіны. Вядома, што два падраздзяленні ваенных сіл знаходзяцца ў памежных з Украінай раёнах Растоўскай і Белгарадскай абласцей.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Таксама зафіксаваны рух калоны каля 30 танкаў на ўчастку Бранскай вобласці паблізу мяжы з Украінай і групоўкі бронетэхнікі паблізу населенага пункта Навашахцінск Растоўскай вобласці.

Як паведаміў прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка, Расея працягвае пастаўку цяжкай баявой тэхнікі і іншых відаў узбраенняў тэрарыстам на тэрыторыю Украіны.

Не звяртаючы ўвагу на збіццё “Боінга-777” малайзійскіх авіяліній, Расея працягвае пастаўляць цяжкую ваенную тэхніку і розныя віды зброі тэрарыстам на тэрыторыю Украіны. Так, Расеяй былі перапраўлены 4 танкі, 3 баявыя машыны пяхоты, 3 устаноўкі “Град”, 4 БТР-ы і некалькі бартавых аўтамабіляў “Урал” з боепрыпасамі.

Нагадаем, амерыканскія службовыя асобы падазраюць, што Расея выдзеліла баевікам некалькі сістэм супрацьпаветранай абароны, даставіўшы іх „кантрабандай” ва ўсходнюю Украіну, як і іншае ваеннае абсталяванне, у прыватнасці, танкі. Расея працягвае адмаўляць свой удзел у канфлікце ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота romaniatv.net