7 лютага пройдзе Дзень салідарнасці з Беларуссю
У нядзелю, 7 лютага, ва ўсім свеце пройдзе Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Ён акрэсліць шэсць месяцаў мірнай барацьбы беларусаў за дэмакратыю пасля сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня.
У Дзень салідарнасці беларускія дыяспары і ўсе, хто падтрымлівае беларусаў, правядуць розныя афлайн і онлайн акцыі. Актыўнасці запланаваны ў гарадах Германіі, Швейцарыі, Бразіліі, Ізраіля, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Швецыі, ЗША, Бельгіі, Нідэрландаў, Фінляндыі, Францыі, Італіі, Партугаліі, Паўднёвай Карэі, Аўстрыі і многіх іншых краін. У нядзелю кожны, хто далучыўся, зможа адзначыцца на спецыяльнай Карце салідарнасці.
Удзельнікі Дня салідарнасці правядуць маршы і шэсці са сцягамі, вывесяць бел-чырвона-белыя сцягі і падсвятляць ў гэтыя колеры гарадскія будынкі, збудаванні і аб’екты, правядуць канферэнцыі, культурныя мерапрыемствы і забегі, ва ўмовах локдауна — сямейныя акцыі і онлайн-флэшмобы, акрамя таго, адправяць лісты палітычным зняволеным. Таксама палітыкі і вядомыя людзі падтрымаюць кампанію ў сацсетках з хэштэгам #StandWithBelarus, прыцягваючы ўвагу да тэмы барацьбы беларусаў за свабоду.
А 6 лютага ў супрацоўніцтве з беларускай дыяспарай і ініцыятывай „Беларусы Замежжа” будзе запушчана вялікая Канферэнцыя салідарнасці, у якой любы зможа паўдзельнічаць анлайн. Сярод спікераў — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, міжнародныя палітыкі і дыпламаты, прадстаўнікі дыяспар, Народных пасольстваў. На канферэнцыі таксама будзе падпісана Дэкларацыя салідарнасці з народам Беларусі.