74% украінцаў станоўча ставяцца да Беларусі
Найбольш станоўча жыхары Украіны ставяцца да Беларусі (74%), Канады (68%) і Еўрапейскага звязу (68%). Такі вынік апытання „Грамадска-палітычныя настроі насельніцтва”, якое правяла сацыялагічная група „Рэйтынг” (Rating Group Ukraine).
Да ЗША станоўча ставяцца 58% і 27% адмоўна, да СНД — адпаведна 44% і 31%, Расеі — 35% і 52% адпаведна. Да міжнародных арганізацый стаўленне наступнае: да ААН станоўча ставяцца 58%, адмоўна — 20%, да АБСЕ — 50% і 26% адпаведна, НАТА — 49% і 30%, МВФ — 39% і 35%. Чвэрць апытаных не змаглі выказаць ніякага стаўлення да гэтых міжнародных інстытутаў. Да заходніх краін і інстытутаў лепш ставяцца на захадзе і ў цэнтры краіны, да Беларусі, СНД і Расеі — на поўдні і ўсходзе.
За ўступленне ў ЕЗ выступае 50% апытаных, супраць — 28%; за еўраатлантычную інтэграцыю — 42%, супраць — 35%.
Пры выбары паміж напрамкамі інтэграцыі ў эканамічныя саюзы 42% апытаных падтрымліваюць уступленне ў Еўрапейскі саюз, 36% — за роўнааддаленасць ад Расіі і ЕЗ. 11% падтрымліваюць ўступленне ў Мытны саюз, яшчэ столькі ж не вызначыліся. У паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах пераважаюць прыхільнікі роўнааддаленасці (40-45%). Прыхільнікаў уваходжання ў МС на поўдні ўдвая менш, чым прыхільнікаў еўраінтэграцыі, а на ўсходзе іх колькасць амаль аднолькавая.
Аўдыторыя апытання — 3.200 грамадзян Украіны ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзентатыўнасці даследавання не больш за 1,7%. Даследаванне праводзілася з 22 чэрвеня па 5 ліпеня.
Сацыялагічная група „Рэйтынг” створаная ў 2008 годзе як недзяржаўная, незалежная даследчая арганізацыя. Штогод праводзіць каля 100 тыс. інтэрв`ю і 100 фокус-групавых даследаванняў. Кліентамі з`яўляюцца палітычныя партыі, органы ўлады, грамадскія арганізацыі, СМІ, бізнес. БелаПАН