78% расейцаў – за ўвядзенне візавага рэжыму з Беларуссю
Большасць расейцаў успрымае Беларусь як сяброўскую дзяржаву і партнёра, але выступаюць супраць продажу ёй энергарэсурсаў па цане, ніжэйшай за рынкавую, а таксама хочуць ўвесці візавы рэжым з Беларуссю. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага Усерасейскім цэнтрам вывучэння грамадскай думкі.
Больш за палову апытаных (56%) – супраць прадастаўлення зніжкі на нафту і газ «саюзным» дзяржавам нават у абмен на падтрымку з іх боку, іншага меркавання прытрымліваюцца 38% расейцаў. Пры гэтым сярод старэйшага пакалення праціўнікаў прадастаўлення зніжкі больш, перадае ТАСС.
Што тычыцца непасрэдна паставак газу ў Беларусь, то 60% рэспандэнтаў супраць продажу энергарэсурсу па цане, ніжэйшай за рынкавую (у 2011 годзе такіх было 57%). Згодны на пастаўкі па зніжаных цэнах 34% апытаных (было 32%). З улікам заяў пра доўг Менска перад Газпрамам доля праціўнікаў паставак энергарэсурсаў па зніжаных цэнах ўзрастае да 69%.
У сувязі з адменай Беларуссю віз для грамадзян 80 краін 78% апытаных заявілі, што трэба ўвесці візавы рэжым з дзяржавай-суседкай, каб не пускаць на сваю тэрыторыю „невядомых людзей, якія не атрымалі расейскай візы». Толькі 16% удзельнікаў апытання выступаюць за захаванне мяжы паміж Расеяй і Беларуссю толькі ў якасці фармальнасці.
Нягледзячы на гэта, 40% расейцаў ўспрымаюць Беларусь як сяброўскую дзяржаву, 35% – як гандлёвага і эканамічнага партнёра, 9% – як партнёра стратэгічнага. Толькі 4% лічаць Беларусь канкурэнтам, 3% – праціўнікам.