82-я гадавіна „Чорнай ночы”
Даследчыкі камуністычнага тэрору ў Беларусі маюць намер аб’яднаць свае дзеянні. Дамоўленасць пра гэта была дасягнута на нядаўняй нарадзе, – распавёў адказны сакратар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі на брыфінгу, прысвечаным Дню памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.
Па словах Алеся Чахольскага, на працягу наступнага года ўсе ініцыятывы ў Беларусі, якія займаюцца даследаваннем і захаваннем памяці пра рэпрэсіі, і не толькі з Менску, а таксама з Віцебска, Магілёва, Баранавічаў і іншых гарадоў, маюць намер аб’яднацца. Будзе створаны графік наведвання месцаў расстрэлаў і пахаванняў сталінскіх часоў. Рыхтуецца кампанія па інфармаванні грамадства пра тыя падзеі, – распавёў Алесь Чахольскі:
– Зараз гэта задача грамадскасці, тых адказных людзей, якія разумеюць, што адбываецца, каб не вярнулася тое самае, што было ў 30-х гадах. А вы ж бачыце, што ў Расеі падымаецца культ Сталіна. Усё можа вярнуцца. І могуць ізноў страляць у патыліцу. Яны ж кажуць – мы можам паўтарыць. Гэта што? Забіць дзясяткі мільёнаў людзей?! Таму да гэтага трэба вельмі сур’ёзна паставіцца. І нам трэба супраціўляцца.
Калі будзе супраціў, калі мы пакажам, што мы ёсць і што мы памятаем, то тады можна спыніць гэтыя страшныя тэндэнцыі. А калі грамадства застанецца абыякавым, тады на самой справе, пэўныя сілы могуць і паспрабаваць паўтарыць досвед 30-х гадоў мінулага стагоддзя, – кажа Алесь Чахольскі.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКВД было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратары.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск