Акцыя памяці ў Лошыцкім яры (абноўлена)
Выступаючы на мітынгу каля Лошыцкага яра ў Менску, намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ Юрась Беленькі заклікаў грамадзян Беларусі карыстацца беларускай мовай. „Сёння знаходзімся ў стане акупацыйнай вайны з Расіяй. Толькі наша беларуская мова можа паставіць заслон гэтай агрэсіі”, – лічыць палітык. „Размаўляючы па-руску, ты пасіўна нішчыш беларусаў”, – дадаў Беленькі, падкрэсліўшы пры гэтым, што беларусы „выжывуць, нягледзячы ні на што”.
Беленькі заявіў, што цяперашнія ўлады Беларусі хаваюць у Лошыцкім яры „нешта важнае і ганебнае для сябе”. „Рэжым не хоча раскрываць праўды пра бальшавіцкія рэпрэсіі. На гэтым месцы ў свабоднай незалежнай Беларусі з’явіцца мемарыял, справядлівасць будзе адноўлена. На магілах не павінны знаходзіцца пясок і аўтамабілі (зараз за дваццаць метраў ад памятнага знака ў гонар нявінна забітых ахвяраў сталінскіх рэпрэсій знаходзіцца аўтастаянкі, вядуцца будаўніча-рамонтныя работы”, – сказаў палітык.
Мітынг доўжыўся каля паўгадзіны. На ім выступілі прадстаўнікі КХП-БНФ, якая арганізавала акцыю.
* * *
Неабыякавыя беларусы ўшануюць 9 лістапада памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Лошыцкім Яры. Дазволенае ўладамі шэсце і мітынг ладзіць Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ. У гады 1937-1941 праводзіліся тут масавыя расстрэлы органамі НКУС. Дагэтуль невядомая дакладаная колькасць ахвяраў. У 1988 годзе Лошыцкі яр быў часткова засыпаны, а на яго месцы збудаваны гаражны каапэратыў. Спроба з дапамогай валянцёраў-археолагаў пракапаць насыпны слой грунту ў канцы 80-х гадоў не прынесла поспеху. У 2009 годзе ў сувязі з будаўніцтвам мікрараёну Лошыца гарадскія ўлады Менску планавалі цалкам засыпаць Лошыцкі яр і правесці праз яго аўтадарогу, – кажа намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Юрась Беленькі:
– Акцыя ўлады, калі засыпалі яры гэтым жвірам двухметровым, гаворыць, што нешта там хаваюць. Яны вельмі не хочуць, каб свет даведаўся пра тое, каго яны расстрэльвалі ў Лошыцкім яры. Гаражы нават там імгненна пабудавалі на тым месцы.
У 90-х гадах высілкамі грамадскасці ў Лошыцкім яры быў усталяваны Крыж пакутнікам. Штогод на Дзяды ў Менску праходзяць шэсці да месцаў пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, у тым ліку да памятнага крыжа ў Лошыцкім яры. Як распавёў Юрась Беленькі, сённяшняе мерапрыемства распачнецца а 12-ай гадзіне. Збор удзельнікаў каля будынку Палаца Культуры “Лошыцкі”. Пасля адбудзецца дазволеная ўладамі шэсце да Лошыцкага яр, дзе адбудзецца мітынг і ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскага тэрору.
* * *
9 лістапада, у нядзелю, адбудуцца мемарыяльныя шэсце і мітынг у Лошыцкім Яры на ўскраіне Менску на месцы масавых расстрэлаў, дзе ўсталяваны вялікі Крыж у памяць беларускіх пакутнікаў. Акцыю ладзіць КХП-БНФ.
Гаворыць намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі:
– Месца Лошыца вельмі загадкавае, вядома, што там расстрэльвалі, вядома, што пабач там знаходзілася структура НКВД і што спецыялізацыя ў іх была па інтэлігенцыі нашай беларускай. А таксама па так званым польскім накірунку. Там катавалі затрыманых перабежчыкаў і расстрэльвалі потым.
На правядзенне мерапрыемства ёсць дазвол уладаў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя