ААЭ і Ліван далучацца да вырашэння праблемы з мігрантамі
Віцэ-старшыня Еўрапейскай камісіі Маргарыціс Схінас на брыфінгу 12 лістапада па выніках перамоў у Бейруце заявіў, што заручыўся падтрымкай уладаў Лівана і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у вырашэнні праблемы дастаўкі ў Беларусь мігрантаў, якія імкнуцца ў ЕЗ.
„Бейрут — другі пункт у серыі візітаў, якія я раблю для ўзаемадзеяння з краінамі-партнёрамі, што адыгрываюць ключавую ролю ў аказанні дапамогі Еўрапейскаму звязу ў спыненні бессаромнай практыкі выкарыстання рэжымам Лукашэнкі людзей у палітычных мэтах і ў якасці зброі, — заявіў еўрачыноўнік. — Адбываюцца змены. Учора я быў у Дубаі, і я быў уражаны гатовасцю ўладаў ААЭ працаваць з намі, каб пакласці канец гэтай практыцы. Я хацеў бы публічна вітаць рашэнне турэцкіх уладаў грамадзянскай авіяцыі, якія абвясцілі пару гадзін таму аб сваім рашэнні таксама абмежаваць рэжым працы [з Беларуссю]. І я атрымаў запэўніванні ад маіх суразмоўцаў тут, што Ліван таксама гатовы працаваць з намі ў гэтых адносінах”.
„Мы павінны стварыць міжнародную кааліцыю супраць выкарыстання людзей у якасці палітычных пешак. Дазвольце мне растлумачыць, што адбываецца: кантрабандысты, міжнародныя сеткі кантрабандыстаў падманваюць людзей, яны дастаўляюць іх у Менск і ствараюць уражанне, што арганізуюць ім бяспечны шлях у Еўропу. Гэта адбываецца праз краіны-партнёры і рэгіянальныя хабы, і так больш не можа працягвацца”, — сказаў Схінас.
Віцэ-старшыня Еўракамісіі нагадаў, што „ЕЗ ужо ўвёў серыю санкцый супраць рэжыму Беларусі” і ўзмоцніць іх „пятым пакетам, які ўвойдзе ў сілу на наступным тыдні”. „Мы працуем поруч са Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі, каб [іх] санкцыі набылі моц са снежня”, — дадаў ён.
Паводле слоў Схінаса, ЕЗ вядзе перамовы з „авіяперавозчыкамі з трэціх краін, якія ўдзельнічаюць у гэтых аперацыях”. „Я думаю, што нашы намаганні цяпер прыносяць дывідэнды”, — дадаў ён. „Як сказала старшыня [Еўракамісіі Урсула] фон дэр Ляен, у нашым распараджэнні ёсць магутныя сродкі, інструменты і механізмы, каб дзейнічаць, — адзначыў Схінас. — У нас вельмі эфектыўны інструментарый. Але я ўпэўнены, што нас не вымусяць звярнуцца да яго, паколькі, як я ўжо сказаў, змены ўжо адбываюцца”.
„Я хачу скарыстацца магчымасцю, каб падзякаваць Лівану і ўладам за ўжо прынятыя значныя намаганні, каб дапамагчы нам у абмежаванні палётаў у Беларусь, і іх агульную прыхільнасць да сумеснага вырашэння праблемы бежанцаў у рэгіёне”, — падкрэсліў віцэ-старшыня Еўракамісіі.
На ўдакладняльнае пытанне пра кантакты ЕЗ з авіяперавозчыкамі чыноўнік адказаў, што перад ад’ездам з Бруселя ён разам з камісарам па транспарце правёў тэлеканферэнцыю з асацыяцыяй арабскіх авіяліній. „У нас была магчымасць вельмі выразна растлумачыць сітуацыю і папрасіць дапамогі, — сказаў Схінас. — Я думаю, што наш заклік быў зразумелы дакладна і ясна. Цяпер мы ў курсе, што на яго адказалі”.
„З Турцыяй былі папярэднія кантакты, і мы вельмі рады, што ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі Турцыі ўжо абвясціла аб абмежаванні паветраных зносін з Менскам для грамадзян пэўных краін. Грамадзян, якіх у першую чаргу выкарыстоўваюць у палітычных мэтах, якім кантрабандысты ўнушылі ілюзію і фактычна кінулі ў лес у вельмі суровых умовах”, — дадаў ён.
Еўрачыноўнік праінфармаваў, што ў панядзелак адправіцца на перамовы ў Багдад, а пазней — у Анкару.
На гэтым тыдні агенцтва Reuters паведаміла, што Еўразвяз рыхтуе санкцыі ў дачыненні прыкладна да 30 фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку авіякампаніі „Белавія”. Акрамя таго, агенцтва Bloomberg паведаміла, што пад санкцыі могуць патрапіць авіякампаніі, якія перавозяць мігрантаў, у тым ліку турэцкая кампанія Turkish Airlines і расейскі „Аэрафлот”.
Пазней прадстаўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Якуб Кумах заявіў, што Turkish Airlines не будзе прымаць на рэйсы да Менска грамадзян Ірака, Сірыі і Емена. „Turkish Airlines пацвердзіла, што больш не будзе прымаць на борт самалётаў да Менска грамадзян Ірака, Сірыі і Емена, за выключэннем уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў”, — напісаў польскі чыноўнік у „Твітэры”.
12 лістапада „Белавія” абвясціла, што „ў адпаведнасці з рашэннем кампетэнтных органаў Турцыі з 12 лістапада 2021 года грамадзяне Ірака, Сірыі, Емена не будуць прымацца да перавозкі на рэйсах з Турцыі ў Беларусь”.
Фота: euronews.com