ААН асцерагаецца маштабнага голаду праз пандэмію каронавіруса
Сусветная харчовая праграма (World Food Programme – WFP) прагназуе маштабны голад праз пандэмію новага каронавіруса SARS-CoV-2, паведамляе dw.com. „Мы сур’ёзна б’ём трывогу. Мы асцерагаемся, што нас чакае сапраўды вялікі крызіс”, – заявіла прадстаўніца берлінскага філіяла WFP Беціна Люшэр у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву epd, апублікаваным у пятніцу, 3 красавіка.
Паводле яе слоў, ужо цяпер WFP аказвае неадкладную гуманітарную дапамогу 87 млн чалавек больш чым у 80 краінах, пры гэтым праца гуманітарнай арганізацыі ўсё больш ўскладняецца з-за войнаў, кліматычных змяненняў, засух і паводак; цяпер жа да гэтага дадалася і пандэмія каронавіруса.
„Праз каронавірус, які пракраўся амаль ва ўсе афрыканскія краіны, у многіх рэгіёнах стварылася сапраўды цяжкая сітуацыя, асабліва там, дзе слабая эканоміка і слабая сістэма аховы здароўя. Мы сутыкаемся з беспрэцэдэнтнай сітуацыяй, у якой мы як найбуйнейшая ў свеце гуманітарная арганізацыя не знаходзіліся яшчэ ніколі. Гэта абсалютна нязведаная тэрыторыя „, – адзначыла Люшэр.
Паводле ацэнак ААН, ва ўсім свеце цяпер галадаюць больш за 820 млн чалавек. Толькі ва Усходняй Афрыцы недаядаюць 15 млн чалавек у такіх краінах, як Паўднёвы Судан, Эфіопія, Самалі і Кенія. „Пандэмія каронавіруса дае падставы баяцца, што голад стане рэальнасцю і для многіх мільёнаў іншых людзей. Патрэбнасці ў неадкладнай харчовай дапамозе толькі ўзрастуць”, – канстатавала прадстаўніца берлінскага філіяла WFP.