ААН: Кожны 113-ы чалавек у свеце мае статус перамешчанай асобы



У сярэднім кожны 113-ы чалавек у свеце мае статус перамешчанай асобы. Такія дадзеныя прадстаўлены ў новым дакладзе ААН, прысвечаным Сусветнаму дню бежанцаў, які адзначаецца сёння па ўсім свеце.

Беларусь – краіна, якая рэгулярна прымае на сваёй тэрыторыі гэтую катэгорыю асобаў. Як адзначае юрыстка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка, у Беларусі адсотак людзей, якія атрымліваюць статус бежанцаў, дастаткова вялікі.

– Беларусь ратыфікавала асноўны міжнародны дакумент Канвенцыю аб статусе бежанцаў. І наша краіна паказвае дастаткова добрыя статыстычныя дадзеныя. Напрыклад, за 2004-2016 гады ў Беларусь звярнуліся па статус бежанца і дадатковую абарону 4110 чалавек. З іх 929 чалавек атрымалі статус бежанца, і 1844 чалавекі атрымалі дадатковую абарону. Гэта дастаткова вялікі адсотак, але ў той жа час па працэдуры ёсць шмат праблемаў.

Наста Лойка адзначае, што ў Беларусі, на жаль, вядомы выпадкі, калі ў чалавека не прымаюць хадайніцтва на прадстаўленне статусу бежанца. Як прыклад таму – нядаўняе затрыманне у Добрушы чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева, якога затым перадалі расейскай паліцыі, праігнараваўшы ягоныя просьбы аб прытулку.

Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота journalby.com