ААН прыняла рэзалюцыю з заклікам да перамір’я ў Газе
Генеральная асамблея ААН пераважнай большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю, у якой заклікае да гуманітарнага перамір’я ў сектары Газа, піша BBC.
Ізраіль кажа, што сёння ўначы здзейсніў удар па 150 падземных аб’ектах — так званых тунэлях, якімі карыстаюцца тэрарысты ХАМАС. У сектары няма сувязі з вечара пятніцы. Карэспандэнт BBC — адзін з нешматлікіх, хто ўсё яшчэ вядзе рэпартаж з самай Газы. Са спасылкай на мясцовую радыёстанцыю, якая ўсё яшчэ працуе ва ўмовах інфармацыйнай блакады, ён перадаў, што начное бамбаванне было „нязнаным раней па маштабе”. Пакуль ні ў каго няма дадзеных пра людскія страты.
Ізраіль пачаў наносіць удары па сектары Газа пасля тэрактаў ХАМАС 7 кастрычніка, у выніку якіх загінула 1,4 тысячы чалавек. ХАМАС усё яшчэ ўтрымлівае 229 закладнікаў. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Газы (кіруецца ХАМАСАМ), на 27 кастрычніка з пачатку ізраільскіх зваротных бамбаванняў у сектары загінула больш за 7 тысяч чалавек
Беларускае Радыё Рацыя