ААН Беларусі: спыніце беспрэцэдэнтны гвалт і вызваліце палітвязняў



У ААН пачаўся разгляд сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Працу вядзе спецыяльная рабочая група Універсальнага перыядычнага агляду Рады па правах чалавека. Большасць дэлегатаў выступаюць за спыненне брутальнага гвалту супраць пратэстоўцаў і запрашэнне спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусь.

Як заўважыў прадстаўнік Злучаных Штатаў Амерыкі:

– ЗША рэкамендуе Беларусі, па-першае, неадкладна спыніць жорсткія падаўленні ў дачыненні да беларускага народа, уключаючы пагрозы выкарыстання смертаноснай сілы ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Па-другое, вызваліць палітычных зняволеных і тых, хто быў затрыманы ў выніку пратэстаў супраць выбараў. Прадэманстраваць сваю прыхільнасць у выкананні міжнародных праваабарончых абавязацельстваў. Па-трэцяе, пачаць праўдзівы дыялог, якому спрыяе дзеючы старшыня АБСЕ.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе пасол Юрый Амбразевіч у адказ на агучаныя рэкамендацыі сфармуляваў афіцыйную пазіцыю Менску:

– У любой сучаснай дзяржаве сістэма грамадаска-палітычных узаемаадносінаў не можа задавальняць абсалютна ўсіх грамадзян. Беларусь прызнае, што ёсць пытанні, над якімі трэба працаваць. І ў той час Беларусь перакананая, што толькі праз узаемапаважлівы дыялог, без знешняга ціску, шантажу і ўмоваў можна дасягнуць рэальнага прагрэсу.

Пасяджэнне рабочай групы Універсальнага перыядычнага агляду ААН па беларускім пытанні працягнецца да 6 лістапада. У гэты дзець будуць прыняты агульныя рэкамендацый для дзейных уладаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя