ААН: Улады Беларусі павінны гарантаваць права на мірныя дэманстрацыі
Свабодныя і сумленныя выбары павінны праводзіцца ўсюды, заявіў прэс-сакратар генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык на брыфінгу 15 ліпеня, адказваючы на пытанне аб сітуацыі ў Беларусі.
Паводле яго слоў, у ААН сочаць «за тым, што адбываецца ў Беларусі, асабліва за тымі дэманстрацыямі, якія праходзілі».
«У Беларусі ці дзесьці яшчэ – у людзей ёсць фундаментальнае права на мірныя дэманстрацыі і адстойванне вяршэнства закона, – сказаў Дзюжарык. – Таму мы працягнем сачыць за сітуацыяй, але я думаю, вельмі важна, каб людзі маглі мірна выказваць свае думкі, а ўлады праяўлялі стрыманасць і гарантавалі людзям іх правы на гэта».
14 ліпеня Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, якія лічыліся асноўнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі. Вечарам у Менску ды іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць рашэння ЦВК. Паводле звестак праваабаронцаў, толькі ў сталіцы было затрымана не менш за 280 чалавек.
Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні крымінальнай справы «па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на тэрыторыі горада Менска, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
Штаб Бабарыкі заявіў, што будзе аспрэчваць рашэнне аб яго нерэгістрацыі кандыдатам і прапанаваў грамадзянам накіроўваць у ЦВК адпаведныя скаргі. З раніцы 15 ліпеня людзі пачалі займаць чаргу ў Цэнтрвыбаркам, каб падаць такія скаргі. Чарга з больш як дзвюх тысяч чалавек выстраіліся на некалькі кіламетраў. Людзі стаялі да 19.00 і пачалі разыходзіцца пасля завяршэння працы ЦВК. Паводле даных праваабаронцаў, было затрымана не менш за 20 чалавек.
У той жа дзень у інтэрв’ю РИА Новости кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтыя акцыі арганізаваныя перадвыбарнымі штабамі тых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якім адмоўлена ў рэгістрацыі.
Былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня паводле падазрэння ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ.
Фота: ААН