ААН заклікае дасылаць інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі



Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека мае патрэбу ў атрыманні інфармацыі, якая тычыцца меркаваных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года. Уключна з магчымымі гендэрнымі аспектамі такіх парушэнняў. 

Таму ААН заклікае асобаў, групы і арганізацыі да 15 лістапада 2021 года дасылаць у сакратарыят УВКПЧ звесткі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У арганізацыі абавязваюцца не раскрываць асобу інфарматара, выкарыстоўваць прадстаўленыя звесткі толькі з дазволу, і ўвогуле кіравацца прынцыпам „не нашкодзь”.

25 лютага Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заявіла, што падзеі, якія адбыліся ў Беларусі летам-восенню 2020-га прывялі да „крызісу беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека”. Даклад Бачэлет раней быў апублікаваны на сайце Савета па правах чалавека ААН. Прадстаўнік Беларусі ў ААН Юрый Амбразевіч заявіў, што ў дакладзе няма аб’ектыўнай карціны, бо ў Менску, па яго даных, пратэстуе „максімум 200 чалавек”.

Беларускае Радыё Рацыя