Абама назваў агрэсію Расеі пагрозай усяму свету
„Злучаныя Штаты ўзначальваюць намаганні сусветнай супольнасці ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны”, – заявіў сёння ў Аўстраліі амерыканскі прэзідэнт Барак Абама.
Выступаючы перад студэнтамі ўніверсітэта ў Брысбене, у дзень адкрыцця двухдзённага саміту „Вялікай дваццаткі”, Абама назваў агрэсію ў дачыненні да Украіны – пагрозай усяму свету. Паводле словаў амерыканскага лідара, адным з доказаў гэтай пагрозы стала жахлівая катастрофа пасажырскага самалёта „малайзійскіх авіялініяў” на ўсходзе Украіны. Украінскія ўлады і шэраг заходніх лідараў мяркуюць, што самалёт быў збіты ракетай, выпушчанай прарасейскімі сепаратыстамі.
У сваю чаргу Масква абвяргае абвінавачванні ў падтрымцы прарасейскіх сепаратыстаў і ўдзеле расейскіх войскаў у канфлікце на Данбасе.
