Абама папрасіў Пуціна вызваліць Надзею Саўчанку



На думку прэзідэнта ЗША, абвінавачаная ў забойстве расейскіх журналістаў украінская лётчыца павінна быць вызвалена ў адпаведнасьці з Менскімі пагадненнямі, паведамляе izvestia.ru.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікаў расейскага лідара Уладзіміра Пуціна вызваліць Надзею Саўчанку, якая знаходзіцца пад вартай у Расеі. Такую заяву амерыканскі лідар зрабіў падчас тэлефоннай размовы з Пуціным у ноч з 14 на 15 сакавіка, паведаміў прэс-сакратар амбасады ЗША ў Маскве Уіл Стывенс.

– Прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікаў свайго расейскага калегу Уладзіміра Пуціна вызваліць затрыманую лётчыцу і парламентарыя Надзею Саўчанку ў адпаведнасці з палажэннямі Менскіх дамоўленасцей аб неабходнасці вызвалення ўсіх незаконна ўтрымліваемых асоб, – паведаміў Стывенс.

15 сакавіка прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас сустрэчы з адвакатамі ўкраінскай лётчыцы – Іллём Новікавым, Мікалаем Полазавым і Маркам Фейгіным – заявіў, што Украіна пры падтрымцы Еўрасаюза рыхтуе санкцыйны «спіс Саўчанка».

– Увесь свет ведае пра «спіс Магніцкага». Абсалютна справядліва, калі з’явіцца «спіс Саўчанкі», – лічыць Парашэнка. – Гэта тэма ўнесена ў парадак дня ЕС. Я думаю, што і ва Ўкраіне, і ў свеце яна атрымае хуткі працяг.

МЗС РФ неаднаразова заяўляў, што Саўчанка не можа быць вызвалена. А яе перадачу можна абмяркоўваць толькі пасля абвяшчэння прысуду (21 сакавіка).

Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава таксама нагадала, што „ў Менскіх дамоўленасцях ні слова не гаворыцца пра Саўчанку, і ні пад адзін апісаны там выпадак яе справа не падпадае”.

Фота correspondent.net