Абарона Калеснікавай падала хадайніцтва аб спыненні яе крымінальнага пераследу
Абарона Марыі Калеснікавай падала хадайніцтва аб спыненні яе крымінальнага пераследу, паведаміла БелаПАН адвакат Людміла Казак.
Паводле слоў адваката, у публічных выступленнях яе падабароннай не ўтрымліваецца заклікаў да захопу ўлады або ўчынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Казак падкрэсліла, што ўсе яе выступленні, выказванні знаходзяцца ў інтэрнэце ў вольным доступе. „Іх аналіз дазваляе сцвярджаць аб адсутнасці заклікаў да ўчынення якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў. Наадварот, у кожным са сваіх выступленняў яна падкрэслівае недапушчальнасць гвалту, учынення іншых супрацьпраўных дзеянняў”, — сказала адвакат.
Абарона лічыць пераслед Калеснікавай палітычна матываваным. „Усе выказванні маёй падабароннай знаходзяцца ў рамках гарантаванага кожнаму права на свабоду меркаванняў і ніякім чынам не парушаюць правы і свабоды іншых асоб, якія не пасягаюць на нацыянальную бяспеку краіны, у сувязі з чым крымінальны пераслед за рэалізацыю фундаментальнага права на свабоднае выказванне свайго меркавання, прымяненне да ёй меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з`яўляецца нічым іншым, як прымусам да адмовы ад сваіх перакананняў, што забаронена Канстытуцыяй”, — заявіла адвакат.
Таксама 15 верасня адвакат падала скаргу на тое, што ў дачыненні да Калеснікавай да гэтага часу не праведзена судова-медыцынская экспертыза для фіксацыі наяўных у яе цялесных пашкоджанняў. „Учора я была ў яе, пераканалася ў тым, што Марыю яшчэ ніхто не агледзеў”, — адзначыла Казак.
Адвакат нагадала, што да 18 верасня ўключна яе падабароннай павінны або прад`явіць абвінавачанне, або адпусціць з-пад варты.
„Марыя прасіла перадаць усім, хто яе падтрымлівае, наступнае: „Беларусы, вы неверагодныя. Я вельмі вамі ганаруся!”, — дадала Казак.
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне і каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава была выкрадзена раніцай 7 верасня ў цэнтры Мінска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з прадстаўнікамі савета Антонам Радненковым і Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх сілком вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, паколькі на мяжы яна парвала свой пашпарт.
9 верасня высветлілася, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). У гэты ж дзень у сталіцы былі затрыманыя член прэзідыума КС Максім Знак і юрыст штаба Бабарыка Ілля Салей. Яны таксама падазраваныя па справе паводле ч. 3 арт. 361 КК.12 верасня Калеснікаву перавялі ў турму ў Жодзіне (Мінская вобласць).
Справа пра заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, была ўзбуджаная па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфарміраванага па ініцыятыве былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітычнымі зняволенымі.