Абарона Марыі Калеснікавай падала ў генпракуратуру скаргу



Абарона Марыі Калеснікавай — члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, каардынатара штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі — 8 кастрычніка падала ў Генеральную пракуратуру скаргу на незаконнае і неабгрунтаванае абвінавачанне, выстаўленае ёй 16 верасня.

Як паведамляе прэс-служба КР, адвакаты звяртаюць увагу на неадпаведнасць выстаўленага абвінавачання патрабаванням Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, на парушэнне права Марыі на абарону ў сувязі з тым, што з абвінавачання незразумела, якія канкрэтна яе дзеянні ўтвараюць злачынства, прадугледжанае арт. 361 УК Беларусі.

„Паколькі менавіта пракуратура з’яўляецца органам, які наглядае за законнасцю папярэдняга расследавання, і ўпаўнаважаная адмяняць незаконныя пастановы следчых органаў, абарона просіць адмяніць пастанову аб прыцягненні Марыі ў якасці абвінавачванай, спыніць у дачыненні да яе крымінальны пераслед”, — гаворыцца ў паведамленні.

Калеснікава была затрыманая раніцай 7 верасня ў цэнтры Менска невядомымі ў масках. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў КР Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу, каб выправадзіць з Беларусі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня высветлілася, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Справа была распачатая раней па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай па ініцыятыве былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

У той жа дзень у Менску па гэтай справе былі затрыманыя член прэзідыума КР Максім Знак і юрыст штаба Бабарыкі Ілья Салей.

12 верасня Калеснікаву перавялі ў турму ў Жодзіна (Менская вобласць).

16 верасня Следчы камітэт паведаміў аб тым, што Калеснікавай выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 УК. Ёй пагражае пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў.

18 верасня абвінавачанне па гэтай справе выставілі Знаку і Салею.

Скаргі адвакатаў на меру стрымання засталіся без задавальнення. Марыя застаецца пад вартай да 8 лістапада.

5 кастрычніка абарона падала ў галоўнае следчае ўпраўленне СК хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу. 7 кастрычніка ў СК было пададзенае хадайніцтва аб змене Калеснікавай меры стрымання з заключэння пад варту на асабістае паручыцельства.

Беларускія праваабаронцы прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітычнымі зняволенымі.

belapan.by