Абарона Рамана Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру
Абарона блогера Рамана Пратасевіча падала скаргу ў Генеральную пракуратуру на супрацьдзеянне ў аказанні яму юрыдычнай дапамогі.
Як паведаміла БелаПАН адвакат Інэса Аленская, у скарзе яна адзначыла, што два дні не можа патрапіць да падабароннага і просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання.
Акрамя таго, адвакат падала хадайніцтва аб неадкладным медыцынскім аглядзе Пратасевіча — па просьбе яго бацькоў, якія „ў паніцы і шукаюць сына па ўсіх бальніцах”. У хадайніцтве пералічаныя неабходныя для правядзення працэдуры. Адно хадайніцтва пададзенае ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску, другое адпраўленае па факсе ў Камітэт дзяржбяспекі. „Факс прыняты, пацвярджэнне атрымання ёсць”, — адзначыла Аленская.
Адвакат паведаміла, што спрабуе пабачыцца з Пратасевічам другі дзень. Ні яна, ні сваякі не ведаюць, дзе ён на самай справе знаходзіцца. „Сёння днём у СІЗА КДБ мне заявілі, што Рамана там няма”, — сказала яна.
Журналіст і актывіст Раман Пратасевіч, які пражываў у Літве і Польшчы, быў затрыманы беларускімі ўладамі 23 мая пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Беларускія праваабаронцы прызналі Пратасевіча палітвязнем.