Абарона Віктара Бабарыкі абскардзіла чарговы працяг тэрміну яго ўтрымання пад вартай
Абарона экс-банкіра і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі абскардзіла чарговы працяг тэрміну яго ўтрымання пад вартай (да 18 снежня).
Як паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лаеўскі, дата судовага пасяджэння па скарзе пакуль невядомая.
Абаронца лічыць, што законных падстаў утрымліваць Бабарыку пад вартай няма. „Іх не было ні ў чэрвені, ні цяпер. Звяртаю ўвагу, што проста капіяванне артыкула кодэкса ў пастанову следчага зусім не робіць такую пастанову законнай, — сказаў Лаеўскі. — Ніякіх канкрэтных абставінаў, якімі б тлумачылася неабходнасць прымянення да нашага падабароннага наогул якой-небудзь меры стрымання, адзначана ў пастановах не было і не паведамлена ў судах. Хоць закон абавязвае такія канкрэтныя абставіны назваць. Ніякіх доказаў, якія б пацвярджалі падставы для заключэння пад варту, не названа і ні разу не прадстаўлена ў суд. Хоць закон абавязвае даказаць, што абвінавачваны можа схавацца або перашкодзіць расследаванню”.
Паводле слоў адваката, пастановы следчага не з’яўляюцца доказамі. „Доказы — гэта паказанні, экспертызы, рэчавыя доказы і іншыя крыніцы звестак аб фактах, а нічога такога па пытанні меры стрымання мы ў гэтай справе не назіраем”, — заявіў Лаеўскі.
Пры працягу тэрміну ўтрымання пад вартай орган крымінальнага пераследу абавязаны абгрунтаваць немагчымасць або недастатковасць прымянення іншых мер стрымання, падкрэсліў ён. „Калі б нават падставы для меры стрымання былі, то тады чаму менавіта заключэнне пад варту, а не, напрыклад, хатні арышт ці асабістая парука?” — сказаў ён.
Недастаткова пераканаўчымі і не адпаведнымі патрабаванням закона абарона Бабарыкі лічыць і выстаўленыя абвінавачанні. „Нагадаю, што бок абароны катэгарычна адхіляе ўсе абвінавачанні. А тое, што орган следства больш чым за чатыры месяцы не сфармуляваў канкрэтнае інкрымінаванае дзеянне, таксама кажа аб непрымальнасці ўтрымання пад вартай. Калі пры гэтым успомніць, што раней праваабарончай супольнасцю і міжнароднымі арганізацыямі звярталася ўвага на сувязь крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі з рэалізацыяй ім палітычных правоў, то пытанняў узнікае яшчэ больш. Ды і, уласна кажучы, увесь працэс расследавання з чэрвеня суправаджаецца абставінамі, якія не суадносяцца з маімі ўяўленнямі аб законнасці ў крымінальным працэсе”, — канстатаваў адвакат.
Таму абарона ў чарговы раз звяртае ўвагу, што затрыманне і заключэнне Бабарыкі пад варту з’яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, а з пункту гледжання Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — адвольным. У сувязі з гэтым абарона просіць суд „дзейнічаць у адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права і адмяніць утрыманне пад вартай”.
Лаеўскі назваў умовы ўтрымання Бабарыкі „вельмі няпростым становішчам”. „Але ён трымаецца мужна і, нягледзячы ні на што, настроены змагацца, таму што няма такіх абставінаў, за якія яму б варта было адчуваць віну, перакананы ў правільнасці сваіх рашэнняў, адчувае падтрымку людзей і адчувае пачуццё нацыянальнага гонару за беларусаў”, — заявіў адвакат.