Абласны суд адхіліў скаргу Уладзіміра Хільмановіча



35 базавых велічыняў штрафу – прысуд, які вынесла суддзя Ленінскага суда Гародні Пятрова ў дачыненні да Уладзіміра Хільмановіча, – падтрымаў абласны суддзя Мікалай Рачынскі. Журналіст і публіцыст мяркуе, што абвінавачванне яго ва ўдзеле ў масавай акцыі ў Свіслачы 26-га кастрычніка ў дзень Ушанавання паўстанцаў 1863-га году не мае доказнай базы:

– У судзе быў устаноўлены толькі факт маёй фізічнай прысутнасці ў Свіслачы. Майго ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, а ўдзел у масавым мерапрыемстве гэта я разумею – выступ, трыманне лозунгаў, нейкай сімволікі, выкрыкванне лозунгаў і г.д. – гэтага не было. Больш таго, паказанні сведкаў, свіслацкіх міліцыянтаў, на маю карысць, таму што яны праўдзіва сведчылі, што я не парушаў грамадскага парадку. Калі я не парушаў грамадскага парадку, значыць я не парушаў і заканадаўства.

Уладзімір Хільмановіч збіраецца накіраваць скаргу ў пракуратуру, каб там далі належную ацэнку дзеянням суддзі Пятровай. Аднак журналіст сумняецца, што пракуратура аб’ектыўна разгледзіць і гэтую скаргу.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя