АБСЕ не будзе накіроўваць назіральнікаў на мясцовыя выбары ў Беларусь



Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе не будзе накіроўваць сваіх назіральнікаў на мясцовыя выбары ў Беларусь, але мае намер адсачыць іх вынікі. Пра гэта ў інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным увечары 28 студзеня, сказаў намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, спецпрадстаўнік па Усходняй Еўропе Кент Харстэд.

На гэтым тыдні ён наведваў Беларусь з візітам.

„АБСЕ не будзе назіраць за правядзеннем перадвыбарнай кампаніі і саміх выбараў. Аднак мы будзем сачыць, да якіх вынікаў яны прывядуць”, — заявіў ён.

Шведскі палітык спадзяецца, што „мясцовыя назіральнікі будуць мець доступ як да выбарчых участкаў, так і да працэсу падліку галасоў”. „Мы таксама спадзяемся, што гэтая кампанія будзе жыццяздольнай. У ёй змогуць узяць удзел усе ахвотныя актыўным і вольным чынам”, — адзначыў Харстэд.

Што тычыцца яго асабіста, то спецпрадстаўнік ПА АБСЕ цікавіцца мясцовымі выбарамі ў Беларусі. Ён абмяркоўваў „гэтае пытанне” падчас цяперашняга візіту ў Менск.

Кент Харстэд узначальваў місію кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЕ на апошніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах у Беларусі.

Нагадаем, у заяве па выніках гэтага візіту ў Беларусь ён выказаў шкадаванне, што працэс рэфармавання выбарчага заканадаўства ў краіне не прасоўваецца наперад, і заклікаў беларускія ўлады актывізаваць намаганні па правядзенні рэформаў.

„Я расчараваны, што шмат чаго не зроблена для правядзення такой неабходнай выбарчай рэформы, і заклікаю актывізаваць намаганні для таго, каб выбары ў 2020 годзе праводзіліся ў адпаведнасці з новым і палепшаным заканадаўствам”, — сказаў спецпрадстаўнік. Ён заклікаў ЦВК актывізаваць намаганні па выкананні рэкамендацый, зробленых Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках выбараў.

БелаПАН