АБСЕ прапаноўвае ствараць нацыянальныя камітэты бяспекі журналістаў



У дзяржавах, якія ўваходзяць у Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), неабходна стварыць нацыянальныя камітэты бяспекі журналістаў.

Пра гэта заявіў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір на канферэнцыі „Журналісты пад ударам: пагрозы свабодзе СМІ” 12 красавіка ў Вене.

„Мы прапануем стварыць нацыянальныя камітэты з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры, паліцыі і журналісцкіх аб’яднанняў, каб праверыць, ці расследуюцца напады і пагрозы ў дачыненні да журналістаў, прапанаваць абарону і ўмацаваць бяспеку журналістаў”, — растлумачыў Дэзір.

Ён адзначыў, што пасля свайго прызначэння на пасаду прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ў ліпені 2017 года сутыкнуўся з сотнямі выпадкаў нападаў, пагроз і нават забойстваў журналістаў у рэгіёне АБСЕ. „Ні адна краіна і ні адзін рэгіён ад такога не застрахаваныя, — сказаў Дэзір. — Але нападаюць не толькі на журналістаў, напад адчуваюць самі асновы свабоды і дэмакратыі. Роля прэсы заключаецца ў тым, каб кантраляваць дзеянні ўлады. І калі мішэнню для нападаў робяцца журналісты, то пад пагрозай аказваюцца і свабоды ўсіх астатніх (членаў грамадства. — БелаПАН.)”.

На думку прадстаўніка АБСЕ, журналісты, якія церпяць пераслед, „не толькі заслугоўваюць захаплення сваёй працай і штодзённай мужнасцю, але перш за ўсё заслугоўваюць абароны і справядлівасці за злачынствы, учыненыя супраць іх”.

Дэзір зазначыў, што ўсё больш людзей сёння спрабуюць прымусіць журналістаў замаўчаць з-за крытычнай ці проста праўдзівай інфармацыі. „У 85% выпадкаў забойстваў журналістаў у рэгіёне АБСЕ за апошнія 20 гадоў злачынцы або заказчыкі не былі прыцягнутыя да адказнасці, таму пераважае беспакаранасць. Гэта непрымальна, і мы не можам дапусціць, каб гэтая тэндэнцыя працягвалася”, — падкрэсліў ён.

Дэзір нагадаў, што ў снежні мінулага года ў Мілане Савет міністраў АБСЕ прыняў гістарычнае рашэнне аб бяспецы журналістаў. „У ім прызнаецца сур’ёзнасць цяперашняй сітуацыі. Прыйшоў час рэалізаваць гэтае рашэнне, — заявіў прадстаўнік АБСЕ. — Нам трэба ў тэрміновым парадку дзейнічаць для таго, каб палепшыць становішча журналістаў. Недапушчальна, што большасць фактаў нападу і пераслед СМІ не атрымліваюць паўнавартаснага расследавання”.

Галоўнай перашкодай у забеспячэнні бяспекі журналістаў Дэзір назваў „беспакаранасць тых, хто ўчыняе напады”. „Мы павінны пакласці канец любым формам пераследу журналістаў. Ні адна справа пра пераслед, напад або забойства журналістаў не павінна застацца нерасследванай”, — падкрэсліў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

У „Індэксе свабоды прэсы”, які штогод складае міжнародная праваабарончая арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”, Беларусь займае 155-е месца са 180. За апошні год краіна пагоршыла сваю пазіцыю ў рэйтынгу на два пункты.

belapan.by

Фота OSCE