АБСЕ заявіла пра гатоўнасць да супрацы з “Праваабаронцамі за свабодныя выбары”
Каардынатары кампаніі незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сустрэліся з прадстаўнікамі АБСЕ, якія 15-16 чэрвеня наведалі Менск з афіцыйным візітам.
Спачатку кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Міхаэль Георг Лінк і кіраўнік Сакратарыяту дырэктара БДІПЧ Жан П. Фрэлі сустрэліся са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.
Пасля еўрапейскія чыноўнікі сустрэліся з беларускімі праваабаронцамі – сябрам Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімірам Лабковічам і старшынём Беларускага Хэльсінскага камітэту Алегам Гулаком.
Паводле словаў Уладзіміра Лабковіча, прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ заявілі пра гатоўнасць да супрацы з кампаніяй «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая традыцыйна ладзіць незалежнае назіранне на нацыянальным узроўні.
– Прадстаўнікі АБСЕ адзначылі вельмі важную і якасную ролю незалежнага назірання, якое супольна праводзіць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт у межах кампаніі Праваабаронцы за свабодныя выбары.
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – гэта сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання Беларускі Хэльсінскі камітэт, якая ладзіць незалежнае назіранне за выбарамі ў краіне з 2008 году.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org