Абвастрэнне баявых дзеянняў ва Украіне (абноўлена)
Баі ў Аўдзееўцы ідуць за кантроль над трасай у Горлаўку, дзе размешчаны найбольш буйны гарнізон акупацыйных войскаў Расейскай Федэрацыі. „Кантралюючы Аўдзееўскую прамысловую зону ў Данецкай вобласці, сілы АТА ствараюць вялізныя праблемы ў забеспячэнні горлаўскага гарнізона баявікоў”, заявіў экс-афіцэр аператыўнага ўпраўлення Генштаба Ўзброеных сілаў Украіны Алег Жданаў.
Тым часам дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Зоран Шкірак паведаміў, што ўсеагульная эвакуацыя з Аўдзееўкі пакуль не плануецца. У сераду 1 лютага з гораду павінны вывезці толькі 160 дзяцей з бацькамі. Паводле яго словаў месцы размяшчэння для эвакуяваных ужо падрыхтаваныя.
***
Яшчэ 29 студзеня баевікі „ДНР” пачалі актыўныя вайсковыя дзеянні ў раёне гораду Аўдзееўка Данецкай вобласці. За апошнія двое сутак загінулі восем украінскіх вайскоўцаў. Дакладныя людскія страты з іншага боку невядомыя. З-за пастаянных абстрэлаў з боку „ДНР” Аўдзееўка засталася без вады і электразабеспячэння, мясцовыя ўлады абвесцілі надзвычайнае становішча. 31 студзеня кіраўнік Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Павал Жэбрыўскі паведаміў, што тэрарысты перайшлі ў наступ. Ён заявіў таксама пра гатовасць да эвакуацыі жыхароў. Горад блізкі да гуманітарнай катастрофы.
АБСЕ на тэрміновым паседжанні ў звязку з крытычнай сітуацыяй у Аўдзееўцы заклікала Расею ўзяць адказнасць за рэжым спынення агнявога абстрэлу.
Па просьбе дэлегацыі Украіны Рада Бяспекі ААН павінна разгледзець у закрытым рэжыме сітуацыю на ўсходзе Украіны.
МЗС Расеі вінаваціць у эскалацыі сітуацыі ўкраінскі бок.
Беларускае Радыё Рацыя, фота архіўнае