Абвастрылася сітуацыя паміж Сербіяй і Косавам



Апошнімі днямі абвастрылася сітуацыя паміж Сербіяй і Косавам. 

29 верасня на мяжы з непрызнаным Косавам сербы заблакавалі грузавымі аўтамабілямі магістральную трасу Косаўская Мітровіца – Рыбарыч у горадзе Зубін-Паток. Пра гэта паведамляе сербскі рэсурс „Новости.rs”.

Паводле выдання, на месца блакады прыбылі джыпы са складу амерыканскага кантынгенту сілаў пад кіраўніцтвам НАТО, якія адказваюць за забеспячэнне стабільнасці ў Косаве (KFOR).

„Вакол джыпаў можна бачыць тузін амерыканскіх салдат”, – паведамляе сербскае выданне. Сербы блакуюць дарогу да возера Газіводэ і ГЭС, што на ім. Яны пратэстуюць супраць паводзінаў на вучэннях косаўскага спецназу ў раёне Газіводскай ГЭС. Па меркаванні сербаў, сілавікі з Косава атрымалі падмацаванне з Албаніі.

Мэр горада Зубін-Паток Стэван Вулавіч у час перамоваў з прадстаўнікамі KFOR выказаў занепакоенасць, што падобная акцыя косаўскага спецназу можа паўтарыцца і выклікаць „непрадказальныя наступствы”.

Рэспубліка Косава раней уваходзіла ў склад Югаславіі (пазней Сербіі). У 1991 годзе Прышціна абвесціла пра стварэнне незалежнай рэспублікі, у выніку ў краіне пачаліся сутыкненні паміж прыхільнікамі аддзялення і ўрадавымі сіламі. У 1999 годзе ў Косава быў уведзены ваены кантынгент НАТО, а краіна перайшла пад кіраванне ААН.

Косава абвесціла незалежнасць ад Сербіі ў 2008 годзе. Па стане на пачатак 2018 года статус Косава прызналі 111 з 193 дзяржаў – сябраў ААН. Сербія не прызнае статус рэспублікі. Кітай і Расея як пастаянныя чальцы Савета Бяспекі блакуюць уступ Косава ў ААН.

Беларускае Радыё Рацыя