Аб’яднанне апазіцыі: ні горш, ні лепш



Палітолаг Сяргей Нікалюк дае песімістычны прагноз наконт чарговай спробы аб’яднання беларускіх апазіцыйных структур.

Нагадаем, падчас візіту ў Брусель прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур – Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і руху «За Свабоду» – падпісалі дэкларацыю аб стварэнні правацэнтрысцкай кааліцыі.

Мяркуецца, што кааліцыя ствараецца для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 2016 года і вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах-2020.

Сяргей Нікалюк: Каб апазіцыя аб’ядналася, неабходна разуменне мэтаў і задач у сучасных аўтарытарных умовах. Гэта абмяркоўвалася калі-небудзь? Прайшлі прэзідэнцкія выбары. Вынікі прааналізавалі? Дзе можна азнаёміцца з аналізам апазіцыі па выніках выбарчай кампаніі і яе ўдзелам у гэтым мерапрыемстве? Дык што тады сёння абмяркоўваць?

РР: Аднак многія мяркуюць, што сама спроба аб’яднацца – гэта ўжо нейкі крок наперад. Ці не так?

Сяргей Нікалюк: Ад гэтага не будзе ні горш, ні лепш. Проста тое, што мы зараз бачым, не мае ніякага дачынення да тых працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі. Бо ў першую чаргу апазіцыя павінна адказаць на пытанні: якія ў яе мэты і задачы? І якія ёсць магчымасці для вырашэнне гэтых задач? У Беларусі прадстаўнікі апазіцыі супернічаюць з дзяржавай, а не з кандыдатамі. Ёй супрацьстаіць магутная дзяржаўная сістэма ў выглядзе “вертыкалі” ўлады, сілавікоў і ЦВК. Ёсць шанцы перамагчы гэтую сістэму? Хто-небудзь абмяркоўваў стратэгію дасягнення выніку ў такіх умовах? Вось на гэтыя пытанні трэба шукаць адказы. А ў нас некаторыя толькі і ўмеюць, што ствараць кааліцыі. Таму можа з’явіцца яшчэ адна, але, як мне падаецца, яе стваральнікі і самі да канца не разумеюць – для чаго?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя