Аб’яднаны Пераходны Кабінет не прызнае „рэферэндумаў” аб далучэнні часткі ўкраінскіх тэрыторый да РФ
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі не прызнае ні ініцыятыву, ні працэс, ні вынікі незаконных «рэферэндумаў» на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
Афіцыйную пазіцыю АПКБ агучыў прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі:
-Так званыя „рэферэндумы” абвешчаны і праводзяцца акупацыйнымі адміністрацыямі, падкантрольнымі Расеі, і прызначанымі Расеяй. Яны не маюць легітымнасці на тэрыторыі Украіны. Рэферэндумы праводзяцца пад сілавым кантролем узброеныз сіл Расеі з выкарыстаннем прамога ціску на мясцовае насельніцтва, факты якога маюць шматлікія пацверджанні.
Таксама Кавалеўскі зазначае, што заявы і дзеянні любых прадстаўнікоў дзяржорганаў Беларусі, накіраваныя на прызнанне вынікаў рэферэндумаў ва Украіне, будуць расцэньвацца як дзяржаўнае залачынства, як дзеянні, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Між тым стала вядома, што назіральнікі з Беларусі працуюць на „рэферэндуме” на акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці. Аб гэтым піша ТАСС са спасылкай на т.зв. „старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі „ЛНР”” Алену Краўчанку. Афіцыйна аб адпраўцы беларускай дэлегацыі на захопленыя землі Украіны не паведамлялася.
„Рэферэндумы” на акупаваных тэрыторыях Херсонскай, Луганскай, Данецкай і Запарожскай абласцей Украіны стартавалі 23 верасня і прадоўжацца пяць дзён. Аналітыкі перакананыя, што па завяршэнні мерапрыемства Крэмль аб’явіць аб далучэнні гэтых тэрыторый да Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя