Ад АГП Берасця ва ўчастковыя камсіі трапіў толькі адзін чалавек
Толькі адзін чалавек ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі трапіў у спіс участковых камісій у Берасці. Агулам па горадзе на прыярытэтнай выбарчай акрузе №3 было вылучана шэсць прэтэндэнтаў ад палітычнай структуры. Лідар абласной структуры Дыяна Касцюковіч адзначыла, што незразумела было, па якім прынцыпе актывісты былі ўключаныя або няўключаныя ў камісіі:
— Мяне здзівіла наступнае: у кожнай камісіі ёсць сябра БРСМ, і пры гэтым тыя, хто не сябры БРСМ таксама вельмі маладая. Дык няўжо у сяброў БРСМ больш досведу чым у людзей са шматгадовым партыйным стажам? Нам сказалі: «Ну яны маладыя і імкнуцца у бой». То бок відавочна быў суб’ектыўны і тэндэнцыйны крытэрый, бо ніякага яснага адказу нам не далі.
Галоўная задача сябраў камісій — сачыць за празрыстасцю выбарчага працэсу, у тым ліку, як лічацца галасы. Сёлета камісіі па сваім складзе сфармаваныя больш чым на 90 працэнтаў з праўладных структур.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце