Ад тэрору да рэкету



Раней мільянеры – цяпер усе грамадзяне знаходзяцца пад пагрозай вымагальніцтва грошай міліцыяй на як бы «законных» падставах.

Шмат хто памятае Юрыя Чыжа, афіляванага з Лукашэнкам бізнесоўца, які ўмудрыўся два разы пасядзець у турме за эканамічныя злачынствы, два разы выйсці на волю праз шматмільённы выкуп у доларавым эквіваленце.

Тады эксперты тлумачылі, што Лукашэнка караў падобным чынам тых, хто займаўся бізнесам выключна са згоды і пры дапамозе лукашэнкаўскай сістэмы, але на нейкім этапе пачынаў «карасці», як казаў Лукашэнка. Насамрэч, дзяліцца меншым працэнтам са сваёй рукой «даюшчай».

Апошнім часам ад беларускіх праваабаронцаў прыходзяць звесткі, што людзей, якія з Беларусі праз розныя сістэмы данацілі фонды, якія ў сваю чаргу дапамагалі пацярпелым ад рэпрэсій беларусам, гэтых людзей міліцыя раскручвае на пагашэнне «віны».

Ніякай «віны» няма, дый папер няма, якія б сведчылі, што чалавек у чымсьці вінаваты. Але таго, з кім ладзяць размову, папярэджваюць, што каб не мець праблемаў, лепш заплаціць на рахунак дзіцячага дому суму ў разы большую, чым чалавек выдаткаваў на дапамогу беларусам, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеяў 2020 году.

Гэта звычайны рэкет. Плюс яшчэ цынічны, бо імем дзяцей, а не толькі пагрозай катаванняў. Няма веры людзям, якія збівалі падлеткаў і разлучалі дзяцей з бацькамі.

Карная сістэма як той снежны ком даўно коціцца сама па сабе. Прыдумляе ўсё новыя формы. Хоць, магчыма, мы маем перад вачыма штосьці новае.

Час пакажа, пакуль версія. Калі доўга штосьці рабіць, і не бачыць выніку, то пачынаеш прыдумляць альтэрнатыву сваім дзеянням.

Напрыклад, ты ўжо тры гады масава затрымліваеш людзей, прапускаеш іх праз суткі, а шмат каго садзіш па крымінальных артыкулах. І што? Людзі змяніліся ў сваіх поглядах? Не. Крыху больш з’ехала, але не так шмат як хацелася б. Гэта калі пра актывістаў. І зусім не шмат вярнулася, калі пра тых, хто «падпаў пад шкодны ўплыў», як кажа твой начальнік Лукашэнка. Што рабіць?

І тут прыдумляюць спалучыць ідэалогію з выгадай.

Саджаць будзем меней, бо новыя турмы будаваць ідэалагічна не выгадна. Але пераследаваць будзем рублём.

Шэфу – Лукашэнку – мусіць спадабацца: і рэпрэсіі ідуць, і капейку можна выціснуць у новы спецыяльна створаны пазабюджэтны фонд.

Усе задаволеныя. «Органы» добра працуюць у вачах свайго начальніка, а начальніку ёсць чым плаціць органам.

У 2020-м выйшлі эканамічна свабодныя людзі. Залежныя ад дзяржавы пабаяліся згубіць працу.

Але ў 2017 былі акцыі «дармаедаў», калі залежныя ад дзяржавы не пабаяліся выйсці на пратэсты, якія трывалі больш за два месяцы.

Гісторыя – рэч цыклічная. 

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя