Адам Бальцэр: Выбары ў Турэччыне не былі свабоднымі



Туркі датэрмінова пераабралі Рэджэпа Таіпа Эрдагана – дзейны прэзідэнт атрымаў 52.59%, а яго галоўны канкурэнт левацэнтрыст Мухарэм Інджэ атрымаў каля 30.64% і прызнаў сваю паразу.

Тое, што галоўны апанент вызнаў вынікі галасавання сведчаць – грубых фальсіфікацыяў усё ж не было. Тым не менш, назваць нядзельныя выбары свабоднымі не выпадае – кандыдаты не мелі роўнага доступу да медыяў, у турмах сядзяць дзясяткі тысячаў супраціўнікаў Эрдагана, у тым ліку і адзін з кандыдатаў на прэзідэнта – прадстаўнік пракурдскай партыі Сэляхатын Дэмірташ, які заняў трэцяе месца з 8.40% галасоў.

Разам з тым у мінулую нядзелю туркі абіралі таксама Парламент. У Меджліс прайшла пракурдская Дэмакратычная партыя народаў, пераадолеўшы 10-адсоткавы выбарчы парог, а партыі Эрдагана (Партыя справядлівасці і развіцця) давядзецца ўтварыць кааліцыю з нацыяналістамі.

Выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Адам Бальцэр зазначае, нягледзячы на адсутнасць істотных маніпуляцыяў, нядзельныя выбары нельга назваць вольнымі, а новы тэрмін Эрдагана адзначыцца далейшым наступам на дэмакратычныя асновы ў Турэччыне:

– Гэта не былі свабодныя і сумленныя выбары. Гэта скажуць усе арганізацыі па абароне правоў чалавека – некаторыя ўжо кажуць, але будуць яшчэ справаздачы.

РР: Але ў якім сэнсе? Свабода медыяў, доступ да медыяў?

Адам Бальцэр: Так. Ключавым ёсць тое, што па-першае, была велічэзная дыспрапорцыя ў медыях. Напрыклад, у грамадскіх. Гэта можна лёгка спраўдзіць, замерыць – гэта было, хіба што, 30:1. Трохі лепей гэта выглядала ў прыватных медыях, але і там дыспрапорцыя была вельмі выразнай. Потым, ёсць нешта такое, што парушае нават турэцкае заканадаўства, хоць вядома, што Турэччына не з’яўляецца дзяржавай верхавенства закону. Маю на ўвазе тое, што завецца «адміністратыўным рэсурсам». Гэта палягае на тым, што дзяржаўныя інстытуты, мясцовая адміністрацыя выкарыстоўваюцца для арганізацыі мітынгаў, а для гэтага выкарыстоўваюць грамадскія грошы. Няма празрыстасці ў выкарыстанні гэтах грошай, а яны ідуць на кампанію аднаго палітыка! Яшчэ адзін пункт – суды. У Турэччыне суды заангажаваныя палітычна, асабліва ў апошнія два гады, і гэтыя суды аказвалі ціск, накладаючы кары на кандыдатаў апазіцыі за розныя рэчы. І вядома, у выбарны спосаб, бо за парушэнне выбарчага заканадаўства маглі прызначаць пакаранні на кандыдатаў урадавай партыі. Дадатковая рэч – маем выбары ў краіне, у якой пануе надзвычайнае становішча. Надзвычайнае становішча падоўжваецца не дзякуючы падтрыманні ўсяго Парламенту, але выключна партыяў, якія падтрымліваюць прэзідэнта Эрдагана.

Таму, у такіх абставінах адбываліся выбары. З некалькімі дзясяткамі тысяч чалавек у турмах, якія знаходзяцца там пасля няўдалага дзяржаўнага перавароту ў рамках палявання на ведзьмаў, з кандыдатам на прэзідэнта, які атрымаў трэцяе месца – Сэляхатын Дэмірташ – курдскі лідар, які балатаваўся, знаходзячыся ў вязніцы! Маем дачыненне з сюррэалізмам – выбарчыя ролікі здымаюцца падчас сустрэчаў у турме…

РР: І тым не менш яго партыя – пракурдская Дэмакратычная партыя народаў прабілася ў Меджліс. Таксама, нягледзячы на такую колькасць вязняў, яшчэ перад выбарамі апазіцыйная частка турэцкага грамадства паказала сваю актыўнасць – назіраліся мільённыя мітынгі. То бок, гэта не такая сітуацыя, якую мы звыкліся назіраць пры аўтарытарных рэжымах.

Адам Бальцэр: На маю думку, Турэччына з’яўляецца аўтарытарным рэжымам. Але Вы маеце рацыю ў тым, што гэта іншы рэжым. Гэтаксама як ёсць вельмі розныя дэмакратыі, таксама і з аўтарытарнымі рэжымамі. Бачна, што прэзідэнт Эрдаган вельмі хацеў бы быць прэзідэнтам Пуціным, але не можа з-за таго, што амаль палова грамадства прагаласавала супраць, а ён не ў стане пераканаць гэтых людзей, бо гэтыя людзі яго ненавідзяць.

Тое, што курдская партыя прайшла ў Парламент – гэта вельмі важна. Калі б яна атрымала менш за 10%, на што вельмі лічыў Эрдаган, то гэта быў бы вялікі поспех для яго. Эрдаган меў бы значна большае падтрыманне ў Парламенце.

Яшчэ адзін важны момант – партыя Эрдагана атрымала горшы вынік чым тры гады таму – на 7% менш (атрымала 42%). Гэта значыць, што партыя Справядлівасці і Развіцця страціла самастойную большасць у Парламенце. Упершыню за многія гады яна будзе вымушана стварыць кааліцыю з нацыяналістамі, якія былі з імі ў выбарчым звязе, і атрымалі неспадзявана добры вынік – 11%. Гэта іх вялікая перамога, калі б яны балатаваліся асобна, яны б усё роўна прайшлі ў Парламент.

РР: Зараз у прэзідэнта будуць іншыя паўнамоцтвы, яго ўжо называюць «суперпрэзідэнтам». Які будзе характар гэтай прэзідэнтуры Эрдагана? Калі казаць у штампах, ці гэта будзе ўхіл да ісламізму, ці гэта будзе аўтарытарны нацыяналізм? Што бліжэй да праўды?

Адам Бальцэр: Гэта сапраўды будзе «суперпрэзідэнт». Ён мае вельмі шырокія паўнамоцтвы, і ён парушае падзел на тры галіны ўлады. Ён прызначае суддзяў, можа выдаваць дэкрэты, якія прыроўніваюцца закону, мае вялікі ўплыў на працу Парламенту, і ў той жа час, як прэзідэнт ён з’яўляецца выканаўчай уладай. То бок ён аб’яднаў у сваіх руках усе тры галіны ўлады.

Эрдаган спрабуе пераканаць туркаў, і ўжо вялікую частку пераканаў, што яму патрэбныя гэтыя паўнамоцтвы, бо сітуацыя вельмі складаная, і адзін чалавек у стане дзякуючы суперпаўнамоцтвам дапамагчы Турэччыне. Выклікам для краіны і прэзідэнта з’яўляецца складаная эканамічная сітуацыя, якая ўсё яшчэ можа пагоршыцца ў сувязі са структурнымі праблемамі Турэччыны. Карупцыя, кліентылізм – сутнасць гэтае сістэмы. Можна гэта назваць мафійнай дзяржавай, і гэта выклікае эканамічныя праблемы.

Калі ж казаць пра ідэалагічны аспект, то, на жаль, стварэнне кааліцыі з нацыяналістамі азначае тое, што мы ўжо бачылі ў апошнія месяцы. А варта зазначыць, што з тузін гадоў таму яны былі ворагамі Эрдагана. Цяпер яны сябры. Бачна, што Эрдаган перасунуўся на нацыяналістычныя пазіцыі, а партыя MHP (Партыя Нацыналістычнага Руху) дае адназначна зразумець, што не можа быць ніякай гаворкі пра саступкі курдам. Больш таго, трэба закруціць гайкі, і адзіны развязаннем курдскага пытання з’яўляецца бескампрамісная барацьба з тэрарызмам. Гэта сляпы завулак. Напэўна, гэта будзе больш нацыяналістычны рэжым.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя