Адарка Яноўская: Напад ХАМАС быў нечаканым



Ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў можа цягнуцца вайна ў Ізраілі.

У гэтым перакананая грамадзянка Беларусі і Ізраілю Адарка Яноўская. Але пасля можа ўспыхнуць канфлікт паміж Іранам і ЗША, – распавяла „Госця Рацыі” у размове з Алісай Поль:

– Гэты напад ХАМАС, ён з аднаго боку быў абсалютна нечаканым, гэта стала трагічным паўторам вайны Суднага дня. Як раз 6-га кастрычніка адзначалася 50 гадоў. Гэта быў шок, такая ж катастрофа нацыянальнага маштабу, як вайна Суднага дня ў 1973 годзе. З аднаго боку гэта было вельмі нечакана, што адбылося ў першыя гадзіны 7-га кастрычніка. Заканчвалася габрэйскае свята Сукот. Людзі святкавалі, адпачывалі. Побач з мяжой сектару Газу ёсць шмат маленькіх пасёлкаў, кібуцаў. Побач з адным з іх праходзіў вялікі музычны фестываль, там было да 4 тысяч маладых людзей. Раптоўна і вельмі скаардынавана спецназ тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС прабіўся праз памежны плот. Там стаіць вельмі тэхналагічная сцяна з датчыкамі, назіральнымі пунктамі. Яе не так проста прарваць, усе думалі, што яна надзейная. Яны вельмі доўга рыхтаваліся і планавалі гэты акт, магчыма разам з Іранам. Адначасова яны атакавалі плот у некалькіх дзясятках кропак, атакавалі назіральныя пункты, пазабівалі назіральнікаў. Зрабілі праломы ў плоце, праз якія праехалі тэрарысты на матацыклах, потым яны іх пашырылі, каб маглі праехаць джыпы. Некалькі дзясяткаў баевікоў пераляцелі гэтую сцяну на парапланах, каб дапамагчы з іншага боку плоту. Пасля яны кінуліся забіваць мірнае насельніцтва. Іх мэтай было забіць і ўзяць у палон, як найбольш мірных жыхароў. Яны расстралялі 260 маладых людзей на музычным фестывалі, гэта магчыма яшчэ не ўсе ахвяры. Яны хапалі дзяцей, бацькоў, сем’і і звозілі ў Газу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Вайна ў Ізраілі пачалася ў шабат на завяршэння свята Сукот 7 кастрычніка і цягнецца шосты дзень. Ізраільскі бок плануе правядзенне маштабнай наземнай аперацыі ў сектары Газа.

Беларускае Радыё Рацыя