Адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны



27 лютага адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, „кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё гандлёва-эканамічных адносін, адзначыўшы іх актывізацыю і станоўчую дынаміку па выніках мінулага года, і выказалі нацэленасць на далейшае пашырэнне ўзаемадзеяння ў эканоміцы”.

Асобна Лукашэнка і Парашэнка абмеркавалі ход падрыхтоўкі да I Беларуска-ўкраінскага форуму, які плануецца правесці ў Гомелі ў кастрычніку гэтага года. „Ужо сёння дасягнутыя дамоўленасці аб форме правядзення гэтага мерапрыемства”, — паведамляе прэс-служба.

Яшчэ адной тэмай размовы стала развіццё ўзаемадзеяння ў сферы культуры. У прыватнасці, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі правядзенне Дзён культуры Украіны і ў цэлым удзел украінскіх артыстаў у шэрагу папулярных беларускіх фестываляў, такіх як „Славянскі базар”, „Александрыя збірае сяброў”.

Нагадаем, апошняя сустрэча Лукашэнкі з Парашэнкам прайшла 2 лістапада 2017 года ў Абу-Дабі (ААЭ), дзе беларускі кіраўнік знаходзіўся з рабочым візітам. Тады Лукашэнка заяўляў, што ў гандлёва-эканамічных адносінах краіны „вельмі актыўна супрацоўнічаюць”. „Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на рознага роду праблемы і перашкоды, склаў больш за 3 млрд долараў, напэўна, дзесьці 3,5 млрд долараў будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў”, — адзначыў Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі.

„Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас увогуле праблем няма. Мы абсалютна ідзем тым курсам, па якім дамовіліся ісці”, — падкрэсліў Лукашэнка.

belapan.by

Фота SputnikБеларусь