Адбылося першае паседжанне Асамблеі народных прадстаўнікоў (абноўлена)



У Менску стварылі Асамблею народных прадстаўнікоў. У склад новай прадстаўнічай арганізацыі ўвойдуць прыблізна 70 апазіцыйных экс-кандыдатаў у дэпутаты на выбарах 2016-га году, а таксама абраная дэпутатам Ганна Канапацкая.

Полаччыну прадстаўляла Вольга Дамаскіна:

– Зала была разлічана блізу на 100 чалавек, у прынцыпе, была поўная. Пачалося з таго, што падзяліліся ўражаннямі як у межах правацэнтрысцкай кааліцыі ўсё праходзіла, ці былі задаволеныя падтрымкай кааліцыі. Водгукі былі станоўчыя. Затым абмеркавалі ідэю стварэння асамблеі: ці варта ствараць гэтую асамблею. Зноў былі пазітыўныя выступы, маўляў, трэба працаваць разам, дапамагаць адзін адмаму і нешта рабіць.

Асамблея ствараецца „для аб’яднання і падтрымкі ўсіх рэгіянальных лідараў, чыя перамога ў сёлетняй выбарчай кампаніі была выкрадзеная ўладамі ў выніку фальсіфікацый”. У склад прэзідыума асамблеі ўвайшлі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юры Губарэвіч.

008_koalicija

Фота БелаПАН

* * *

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая падтрымала стварэнне Асамблеі народных прадстаўнікоў. Яна прыняла ўдзел у працы ўстаноўчага сходу асамблеі. Па словах Канапацкай, дэпутацкі мандат – гэта шанс, які павінны выкарыстаць разам і Аб’яднаная грмадзянская партыя, і правацэнтрысцкая кааліцыя, і ўся апазіцыя:

– Калі я буду адна ў Авальнай зале, я не хачу, каб гэта азначала, што я адна і за сценамі Дома ўрада. Не. Я хачу за сценамі Дома ўрада быць разам з тымі, хто працаваў у гэтую выбарчую каманію, у каго ўлада праста забрала або не дала мандаты. Таму што гэта адукаваныя людзі. Мы адкрытыя для ўсіх новых ідэй. Прыносці свае працы і ідэі і мы будзем разам працаваць.

Як кажа Ганна Канапацкая, ёй спадабаўся настрой былых кандыдатаў, сябраў Асацыяцыі народных прадстаўнікоў. Усе гатовы працаваць і выкарыстаць шансы прамога кантакту з выбарцамі, якія з’явіліся падчас мінулай кампаніі, – гаворыць дэпутатка.

006_koalicija

Фота БелаПАН

Былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Віцебска Таццяна Севярынец лічыць слушным крокам стварэнне Асамблеі народных прадстаўнікоў. Яна лічыць, што каб дамагацца мэтаў, трэба не спыняць працу ад выбараў да выбараў, а працаваць з выбаршчыкамі ўвесь час. Таццяна Севярынец зазначае, што яшчэ два гады да выбараў яе каманда шчыльна працавала на акрузе і вырашыла шмат пытанняў. А ініцыятыва „За якасную медыцыну для ўсіх” у Віцебску дала канкрэтны плён:

– Людзі мяне ведаюць, а я ведаю людзей. І далей мы будзем працаваць на кампанію, вырашаць не толькі медыцынскія пытанні, але і мясцовыя. Таму што з шэрагаў каманды валанцёраў, якія далучыліся да нас падчас выбараў, знайшліся актыўныя людзі,  якія ўжо ладзяць свае асабістыя грамадскія кампаніі. Бо для мяне заўсёды было вельмі важным абуджэнне грамадскай актыўнасці. Яна ёсць, яна адбываецца.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Таму важна не спыняць працы і пасля выбараў, – упэўнена Таццяна Севярынец. Яна спадзяецца, што стварэнне Асамблеі народных прадстаўнікоў паспрыяе гэтаму. А таксама дасць досвед супрацы розных палітычных структур.

* * *

Асамблея народных прадстаўнікоў, якую арганізавалі ўдзельнікі правацэнтрысцкай кааліцыі, прыцягнула ўвагу і прадстаўнікоў іншых палітычных партый. Пра далучэнне іх да новай ініцыятывы гаворка не вядзецца, аднак магчымасць супрацоўніцтва па асобных накірунках цалкам магчымае, – лічаць госці Асамблеі, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксей Сігаеў і намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітры Кучук.

 Аляксей Сігаеў:

– Беларускія сацыял-дэмакраты былі запрошаны сюды ў якасці гасцей. Казаць аб тым, што мы далучымся да правацэнтрыскай кааліцыі – не вытрымлівае ніякай крытыкі. Мы ўсё ж такі левая арганізацыя. Другое пытанне, што мы здольныя працаваць па нейкіх напрамках.

 Дзмітры Кучук:

– Будзе створана камісія па экалогіі. Гэта тэма, якая хвалюе “зялёных”, і магчыма мы зможам прыняць удзел, калі будзе такое рашэнне ў нас у партыі.

Прадстаўнікі Партыі БНФ, якія з’яўляюцца бліжэйшымі саюзнікамі правацэнтрыстаў на беларускай палітычнай сцэне і якія таксама былі запрошаныя на Асамблею, праігнаравалі мерапрыемства.

* * *

У Менску адбылося першае паседжанне Асамблеі народных прадстаўнікоў, якая створана правацэнтрысцкай кааліцыяй. У асамблею ўвайшло каля 70 былых кандыдатаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія вылучаліся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За свабоду” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, асамблея – гэта працяг сумеснай кааліцыйнай працы гэтых трох арганізацый.

– Для нас вельмі важна і далей працягваць працу. Мы разумелі, што ў нас будуць скрадзены дзясяткі мандатаў. Што мы можам прапанаваць нашым кандыдатам і іх камандам? Што мы можам прапанаваць Беларусі і яе грамадзянам? Мы вырашылі стварыць гэтую пляцоўку для таго, каб працягваць супольную працу, каардынаваць яе, падтрымліваць новых лідараў, якія з’явіліся ў многіх рэгіёнах, за якіх галасавалі дзясяткі і сотні тысяч людзей.

Вельмі важна, каб гэтыя людзі працягнулі сваю працу, не страцілі сувязі са сваімі выбаршчыкамі. Тым больш, што зараз у Беларусі як ніколі ёсць попыт на новыя, альтэрнатыўныя ідэі. Таму што відавочна, –  старая ўлада страчвае давер народа, – лічыць Анатоль Лябедзька.

005_koalicija

Фота БелаПАН

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя