Адбыўся семінар для назіральнікаў за выбарамі ў Гародні
Кароткатэрміновыя назіральнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” гатовыя да працы. У Гародні прайшоў семінар гэтай кампаніі, дзе былі вызначаны ўчасткі для назіральнікаў-валанцёраў.
Значную частку назіральнікаў будзе прадстаўляць моладзь. Кажа пра працу кароткатэрміновых назіральнікаў Віктар Сазонаў, праваабаронца і назіральнік па 51-ай выбарчай акрузе.
– Назіральнікі дзеляцца на розныя групы. Хтосьці можа прасядзець усё датэрміновае галасаванне і дзень выбараў, хтосьці можа быць толькі ў дзень выбараў. І г.д. Яны дзеляцца на групы. Кожны мае свае гугал-формы, якія трэба запоўніць, каб паказаць, як праходзіць выбарчы працэс, за якім ён назірае. Хтосьці пойдзе са скрынкай і гэта зробіць, хтосьці застанецца на месцы асноўнага галасавання і гэта будзе рабіць.
„Выбары празрыстыя і свабодныя”, – кажуць улады ў Беларусі. Але кароткатэрміновыя назіральнікі ставяцца да гэтага з іроніяй. Падрахунак галасоў у дзень выбараў, як правіла, застаецца для назіральнікаў па-за зонай бачнасці.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя