Адкрытасць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу зноўку пад пагрозай



Арганізацыі-заснавальніцы кампаніі назірання “Права выбару-2018” заяўляюць пра адсутнасць прагрэсу ў пытаннях арганізацыі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца вынікі пасяджэння Цэнтрвыбаркама, якое адбылося 15 лістапада.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што выбарчая кампанія пройдзе для ўлады без лішняга шуму:

– Па-першае, на мясцовых выбарах не будзе назіральнікаў АБСЕ і гэта адна з прычын, чаму ўлада будзе спрабаваць правесці мясцовыя выбары “стэрыльна”, без лішняга шуму. Праблемай, як для ўлады, так і для людзей з’яўляецца тое, што людзі не бачаць сэнсу ў працы праўладных дэпутатаў. Наша мэта – праз працу нашых патэнцыйных кандыдатаў вярнуць людзям веру ў дэпутатаў, што яны сапраўдныя прадстаўнікі народа, а не прызначэнцы.

Лідар Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі лічыць, што Лідзія Ярмошына ў чарговы раз забяспечыць элегантную перамогу праўладным кандыдатам:

– Рэжым чарговы раз паказаў, што не гатовы мяняцца і працуе выключна на ўтрыманне ўлады. Усе нашыя прапановы па зменах Выбарчага кодэкса і правапрымяняльнай практыкі былі праігнараваныя. Калі нехта з замежных палітыкаў усё яшчэ лічыць, што ў нас адбываюцца нейкія паляпшэнні ў пытаннях арганізацыі і правядзенні выбараў, то 18 лютага яны мусяць пераканацца ў сваёй памылковасці чарговы раз – гэты рэжым не гатовы мяняцца.

Віталь Рымашэўскі не выключае, што ў некаторых мясцовых Саветах могуць з’явіцца дэмакратычныя дэпутаты, як гэта было на парламецкіх выбарах 2016 года, калі ў парламент патрапілі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, і гэта будзе той “прагрэс”, які ўлада будзе ўсім дэманстраваць.

pvby.org

Фота pvby.org