Адмова на абсурдных падставах



Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў нерэгістрацыю ўладамі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянска-дэмакратычны рух”.

Віталь Рымашэўскі: Адмовілі ў рэгістрацыі на абсалютна абсурдных падставах. Па-першае, сказалі, што грамадскае аб’яднанне не можа займацца абаронай правоў сваіх сябраў, хаця гэты пункт ёсць у статутах некалькіх зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў. Другая нагода ў адмове – быццам бы не было знойдзена памяшканне ў тым доме, дзе пазначаны юрыдычны адрас. Але ў дакументах была прыкладзена нават схема з указаннем і нумара дома, і была абведзена кватэра, дзе ёсць юрыдычны адрас. Не знайшлі ніводнай зачэпкі да спісу, хоць тэлефанавалі ўсім удзельнікам сходу, які праводзіўся. Мы ўсё нават на відэакамеру запісвалі, каб пасля не ўзнікла пытанняў. Таму відавочна, што гэта палітычнае рашэнне. Нават – палітычны загад. Гэта і парушэнне правоў чалавека ў краіне, і парушэнне права на аб’яднанні. Сёння мы бачым, што ў краіне творыцца. Збіраюцца забраць кватэру ў праваабаронцы Алеся Бяляцкага, збіваюць у судах незалежных журналістаў… Гэта ўсё факты аднаго парадку. І капітуляцыя Захаду перад беларускім рэжымам не дасць тых чаканых вынікаў, на якія спадзяваліся еўрапейскія палітыкі. Можна нават прагназаваць, што пасля таго, як Беларусь атрымае крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду, рэпрэсіі ў краіне могут яшчэ і павялічыцца. Сёння не кідаюць людзей у вязніцы, як было раней, але гэта проста таму, што неабходны заходнія грошы. Усё можа скончыцца разам з атрыманнем крэдыту.

РР: Зараз, напэўна, няма вялікіх спадзяванняў і на тое, што зарэгіструюць Партыю БХД?

Віталь Рымашэўскі: Зыходзячы з таго, што адмовілі ў рэгістрацыі руху, варта чакаць такога ж выніку і ў дачыненні да партыі. Улада не прайшла тэст на лібералізацыю.

РР: Калі шчыра, то ці былі спадзяванні, што рух усё-такі зарэгіструюць?

Віталь Рымашэўскі: Былі, таму што ў руху працуюць людзі, якія не ўваходзяць нават у рэгіянальнае кіраўніцтва. Гэта асобная арганізацыя, з асобнымі непалітычнымі мэтамі… Устаноўчы сход быў праведзены бездакорна, на ім прысутнічалі нават прадстаўнікі некаторых амбасад. Таму, натуральна, думалі, што маецца шанец, бо ўладам трэба паказваць нейкія станоўчыя крокі ў Беларусі. Але, як бачым, ім гэта не патрэбна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя